Актывісты ініцыятывы «Чысты Слуцк» выйшлі на выходных на першую прыборку. Яны абралі для яе вядомае ў горадзе месца — «Цыганскі парк». І як аказалася не дарма: хаця за пару дзён там прыбралі камунальнікі, смецця засталося дастаткова для працы больш чым дзясятка чалавек на некалькі гадзінаў.
Калі добра пашукаць у парку можна знайсці тэлевізар.
З надвор’ем пад час прыборкі пашанцавала: было сонечна і суха. Ды і настрой маладых людзей, якія сабраліся перад паркам адпавядаў: усе жартавалі і смяяліся.

— Давайце разаб’емся на пары, кожны бярэ пакунак для смецця і пальчаткі і прыбірае сваю зону, — прапанаваў адзін з удзельнікаў прыборкі.
— Давайце пойдзем уздоўж парка, кожны будзе прыбіраць сваю паласу, — падтрымалі яго другія ўдзельнікі. У пачатку парка трава была скошаная, і з першага погляду смецця практычна не было. Але насамрэч, дастаткова было нахіліцца, каб гэтая карціна разбуралася. У парку было дастаткова брудна. З цягам часу куча смецця павялічвалася. Аднекуль прынеслі нават цэлы стары лампавы тэлевізар (з яго хіба што нехта выцягнуў кінескоп), ад вадаёма прыкацілі вялікую аўтамабільную пакрышку.

Костка з «Цыганскага парку». Чалавечая?
Але самыя дзіўныя знаходкі чакалі яшчэ наперадзе. Некалькі маладых людзей працавалі ля вялікага дрэва, і там знайшлі костку, а побач кучу старых анучак. — Чалавечая? — жахнулася дзяўчына. Пасля бурнага абмеркавання было вырашана тэлефанаваць у міліцыю. Недзе праз паўгадзіны на месца здарэння прыехалі цэлыя тры супрацоўніка праваахоўных органаў. Спачатку апыталі сведкаў, зрабілі замеры падазронай косткі. Вырашылі капаць, для гэтага адзін з міліцыянтаў кудысьці патэлефанаваў і хлапец гадоў 12-ці прынёс яму рыдлёўку.

— Ну ўсё, зараз будзе клад, — жартавалі ўдзельнікі следчых дзеянняў. Але кладу так і не знайшлі, а толькі кавалкі шкла (ці то, можа, кінескопу) і новыя анучы, якія падазрона нагадвалі старое адзенне. Кансультацыі па тэлефоне пра памеры косткі прымусілі міліцыянтаў схіліцца да думкі, што костка ўсё ж не чалавечая. Але яе забралі з сабой на экспертызу, вынікі якой паведамяць тым, ад каго зафіксаваны выклік.
Удзельнікі прыборкі яшчэ доўга абмяркоўвалі дзіўную знаходку: усё ж што за яна? А міліцыянт на развітанне пажартаваў: — Будзеце прыбіраць на могілках, глыбока не капайце.
Усё прайшло добра. Прыборка ішла ля двух гадзінаў. Прыбіралі больш за дзесяць чалавек, якія сабралі цэлую гору смецця. Завяршэннем стала ягоная сартыроўка і перавоз на спецыялізаваную пляцоўку, дзе ідзе раздзельны збор смецця.

«Мы анансавалі прыборку у «Цыганскім парку» загадзя. І тут камунальныя службы раптам вырашылі таксама тут прыбраць. Са словаў мясцовых жыхароў, яны гэта робяць не так часта», — адзначыў адзін з удзельнікаў ініцыятывы «Чысты Слуцк» Віталь. Але, дадаў ён, «тыя 12 вялікіх пакункаў смецця плюс тэлевізар і ўсё астатняе – ці сведчанне таго, што камунальныя службы прыбіралі кепска, што пасля іх прыборцы столькі смецця, ці то парк хутка засмечваецца». «У любым выпадку мясцовым камунальным службам трэба ўзяць пад сістэматычны нагляд і сістэматычна прыбіраць гэтую тэрыторыю, а не раз на год і выпадкова», — кажа Віталь. Ён прыборкай задаволены, адзначыў і самаарганізацыю ўдзельнікаў, якія самі падзяліліся, абралі кропкі і працавалі, і сяброўскую атмасферу. «Людзі, бачна было, прыйшлі не проста адзначыцца, а менавіта зрабіць справу», — падкрэсліў удзельнік прыборкі.

«Чысты Слуцк» плануе правесці наступную прыборку ў верасні. Месца пакуль не называюць: ідэі ўжо ёсць, але пакуль актывісты трымаюць інтрыгу.
Вольга Быкоўская






