«Спакой вам!» (Лк 24, 36) — гэтымі словамі Уваскрослы Езус прывітаў сваіх вучняў. Ён ведаў, што вучні перапалоханыя і ўстрывожаныя ўсім, што адбылося: цярпенне, укрыжаванне і смерць іх Настаўніка, Езуса Хрыста.
У сэрцах вучняў пануе смутак, неспакой, сумненні, страх… Вера пахіснулася, амаль усе здрадзілі, уцяклі… Але Езус Хрыстус на трэці дзень уваскрос паводле прадказанняў прарокаў і Пісанняў. Жывы Хрыстос прыходзіць да сваіх вучняў, паказвае ім свае прабітыя рукі і ногi і кажа: «Гэта Я!» (пар. Лк 24, 39), — гэта Я, Жывы і праўдзівы, гэта Я, Які ёсць з вамi ва ўсе часы вашага жыцця, гэта Я — Той, Які ёсць, Той, Які перамог смерць, Той, Які можа супакоіць вашыя сэрцы.
Няхай Уваскрослы Хрыстос адорыць Вас сілай у пераадольванні цяжкасцей, дапамагае з даверам глядзець у будучыню і напаўняе Вашае сэрца сапраўднай радасцю і супакоем, якога не можа даць свет! Божага благаслаўлення і радасных святаў Пасхі!


