Дзеі Апосталаў 9, 26-31;
Першы ліст св. Яна 3, 18—24;
Евангелле паводле святога Яна
15, 1-8
“Я — сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар. Кожную
галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і кожную, якая дае плод,
Ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў. Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову,
якое Я сказаў вам. Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка не можа
прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі
не будзеце ўва Мне. Я — вінаградная лаза, вы — галіны. Хто застаецца ўва
Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце
зрабіць. Хто не застаецца ўва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне. І
збіраюць іх, і кідаюць у агонь, і яны згараюць. Калі будзеце ўва Мне і словы
Мае ў вас будуць, прасіце, чаго захочаце, і станецца вам. Гэтым будзе
ўслаўлены Айцец Мой, калі вы прынясеце багаты плён і станеце Маімі вучнямі.”
Так як у мінулую нядзелю Езус, праз вобраз Добрага Пастыра, тлумачыў сваім слухачам і нам кім Ён з’яўляецца. Так і ў гэтую нядзелю Ён прыбліжае нам Сябе з дапамогаю метафары – вінаграднай лазы. Шмат разоў у Евангеллі паяўляецца дзеяслоў “заставацца”, які выпавядае Езус. Заставайцеся ўва Мне…, калі не застанецеся…, хто застаецца…, Заставайцеся ў Маёй любові. Таму ад кожнага чалавека залежыць рашэнне: ці ён застанецца і будзе трываць пры Езусе Хрысце.
Ўсе мы з’яўляемся вандроўнікамі, пілігрымамі на гэтай зямлі, і не жывем для сябе. Як піша святы Павел: “Бо калі жывём, то жывём для Пана, калі ж паміраем – для Пана паміраем. Таму ці жывём, ці паміраем, мы належым Пану” (Рым 14, 8). Таму ўсё нашае жыццё на зямлі – гэта вандроўка, няспыннае вяртанне да Бога. Ідзём праз жыццё, вяртаемся, але ці дойдзем? І адказ такі, што лічучы толькі на самога сябе, на свае сілы – ніколі не дойдзем. Бо Езус кажа: “…без Мяне нічога не можаце зрабіць”. Таму Езус звяртаецца да кожнага з нас: “Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас”. Гэтымі словамі наш Бог заахвочвае, нагадвае, дапамагае – але гэтага не дастаткова. Чалавек сам павінен хацець трываць пры Пану Богу.
Езус Хрытус ведае, што мы не святыя. Ён ведае, што мы слабыя, грэшныя і неаднойчы памыляемся і падаем на сваім жыццёвым шляху. І галоўнае, каб нягледзячы на падзенні паўставаць. Таму Езус, ведаючы слабую чалавечую натуру, ўстанавіў сакрамэнты (сярод якіх ёсць сакрамэнт споведзі), праз якія мы можам заставацца ў сціслай сувязі з Богам.
Езус Хрыстус мае тры месца прабывання: неба, алтар і наша душа. Бог няспынна чакае і заахвочвае нас. Ён не прымушае, але жадае, каб кожны праз усё сваё жыццё набліжаўся да Яго і заставаўся з Ім. Цікава тое, што Богу больш залежыць на нашым шчасці, чым нам самім. Бо Божая рэчаіснасць зусім іншая, чым рэчаіснасць гэтага свету. Вельмі часта па-людску шукаем карысці і калькулюем. Тым часам Езус Хрыстус, без ніякай карысці аддаў сваё жыццё дзеля нашага шчасця. Калі Ён канаў на крыжы, звяртаўся да свайго Айца словамі: ”прабач ім, бо не ведаюць, што робяць”. Бо палюбіўшы свет да канца яго палюбіў. Як жа цяжка зразумець так вялікую Божую любоў да людзей.
Трывайма ў гэтай любові Хрыста, як зялёныя галінкі трывюць у вінаграднай лазе. А Міласэрны Бог няхай адорвае ўсіх нас Сваім благаслаўленнем.
З францішканскім пажаданнем
Супакою і Дабра
Айцец Стэфан Пупейка



