Быць настаўнікам – радасць

Так лічыць Вольга Анатольеўна Вітко, намеснік дырэктара Грэскай сярэдняй школы па вучэбнай рабоце, настаўніца беларускай мовы і літаратуры.

Педагагічнай дзейнасці яна прысвяціла 30 гадоў, таму ўпэўнена сцвярджае, што прафесія настаўніка – цудоўная, яна складаная, але і вельмі цікавая, адна з самых важных. З настаўніка пачынаецца школа.

– Быць добрым настаўнікам – гэта дар, талент. Гэта здольнасць адчуць іншага, дапамагчы, заўсёды знайсці сілы быць цярплівым, мудрым, – разважае Вольга Анатольеў на. – Цярпенне, любоў да дзяцей, вядома ж, павінны быць унутры. Але ж можна і вучыцца, удасканальваць, развіваць свае якасці. Быць настаўнікам – гэта пастаянная праца над сабой.

Дзядуля Вольгі Анатольеўны скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, мама і сястра таксама абралі гэту прафесію. А той «зоркай», за якой пайшла яна, быў цудоўны настаўнік беларускай мовы і літаратуры ў роднай школе на Клеччыне Іосіф Антонавіч Сінькевіч. Ён натхніў на выбар прафесіі, ад яго ўзяла ўсё настаўніцкае. Вядома ж, з часам набыла асабістае, сваё.

– У Грэску я жыву ўжо 30 гадоў, і менавіта тут, у Грэскай сярэдняй школе, праходзіла маё станаўленне і як настаўніка, і як асобы, – расказвае Вольга Анатольеўна. – Дзякуй вялікі былым дырэктару школы Ліліі Іванаўне Ланюк і намесніку дырэктара Людміле Мікалаеўне Ісакавай, адданым сваёй працы людзям, ад іх я вучылся, якім павінен быць настаўнік, адміністратар. На пасадзе намесніка дырэктара я ўжо 20 гадоў  і стараюся быць не толькі метадыстам, кансультантам, кантралёрам. Да мяне ідуць за парадай, таму пастаянна павінна быць, што называецца, у тонусе, ведаць нават больш таго, што ўваходзіць у маю кампетэнцыю. Я наведваю ўрокі не толькі для кантролю, але і каб павучыцца таксама. Прыемна, калі ў маладых настаўнікаў магу нешта падгледзець і прымяніць на сваіх уроках. Імкнуся дапамагаць нашым педагогам атрымліваць новыя веды і вопыт. Таму што, як гаварыў Леў Мікалаевіч Талстой, калі настаўнік перастаў вучыцца, ён ужо не настаўнік. Мы ўдзельнічаем у семінарах, вэбінарах, абмяркоўваем розныя пытанні на метадычных аб’яднаннях. 60% педагогаў нашай школы маюць першую кваліфікацыйную катэгорыю, пяцёра – вышэйшую. У большасці – немалы стаж работы, вопыт. І ў іх ёсць той самы педагагічны агеньчык, які дазваляе быць цікавымі дзецям.

Менавіта ад такіх настаўнікаў, здольных павесці за сабой, натхніць, пераканаць у тым, што гэта добры шлях – быць педагогам, залежыць выбар выпускнікоў на карысць прафесіі. У Грэскай сярэдняй школе ўзнавілі работу педкласы, якія, дарэчы, былі тут з 1989 года, калі школа пачала супрацоўніцтва з Мінскім дзяржаўным педінстытутам імя М. Танка (цяпер – універсітэт). І сёлета сямёра з 13 выпускнікоў педкласа паступілі на педспецыяльнасці. А ўсяго каля 200 выпускнікоў Грэскай сярэдняй школы  працуюць у сферы адукацыі, 16 з трыццаці педагогаў школы – яе былыя вучні. Гэта вельмі радуе, гаворыць Вольга Анатольеўна, школа працуе менавіта ў такім кірунку. Былая вучаніца Таццяна Страховіч прызналася ёй перад выпускам, што абавязкова звяжа сваю прафесійную дзейнасць з педагогікай, а вызначальным момантам сталі педагагічныя пробы (старшакласнікі самі праводзяць урокі). Тады дзяўчына адчула, што яна, такая як ёсць, са сваімі поглядамі, цікавая дзецям, і ёй падабаецца працаваць з імі. А на віншаванне Вольгі Анатольеўны з нагоды паступлення ў ВНУ адказала так: «Я пастараюся быць добрай студэнткай, каб не было сорамна, што я скончыла Грэскую СШ».

Грэская сярэдняя школа сярод іншых дваццаці ў рэспубліцы з’яўляецца школай-лабараторыяй кластэра бесперапыннага педагагічнага навучання. У мінулым навучальным годзе вучні Грэскай СШ занялі першае месца ў рэспубліканскім конкурсе сярод навучэнцаў педкласаў «Педагогі будучага пра школу будучага» ў намінацыі «Навукова-даследчыцкі праект». Гэта, вядома, матывуе, дабаўляе сіл.

– Прафесія наша светлая, радасная, – дзеліцца думкамі Вольга Анатольеўна. – Прыходзіш у клас і бачыш вочы дзяцей: яны глядзяць дапытліва, з цікавасцю, весела, а калі і з хітрынкаю. І трэба не згубіць гэты свет дапытлівасці, шчырасці. Мы захапляемся розумам дзяцей, з задавальненнем ставім добрыя адзнакі. А часам расчароўваемся, калі бачым у вучня патэнцыял, а бацькі не дапамагаюць яго раскрыць. Прафесія наша складаная, Але затое колькі эмоцый. І ўвесь час настаўнік павінен быць, як кажуць, на вышыні, каб адказаць на самыя розныя вучнёўскія пытанні, дапамагчы ім разабрацца ў вялікім патоку інфармацыі. Я ніколі не думала пра тое, каб памяняць прафесію.

Настаўнікам працуе і муж Вольгі Анатольеўны Міхаіл Міхайлавіч Вітко, вядомы на Случчыне бард. Нявестка працуе ў гімназіі, некалі скончыла педклас Грэскай СШ. І галоўная тэма іх размоў, канечне ж, школа.

Нельга вучыць дзяцей і не выхоўваць. Выпусціць са школы сапраўднага чалавека, добрага, спагадлівага, які ўмее адчуць чужое гора, паспачуваць і дапамагчы – у гэтым бачыць сваю задачу В.А. Вітко.

– Дыпломы, перамогі ў конкурсах і спаборніцтвах – гэта добра. Але ж важна, каб бацькі былі спакойныя, калі дзіця ідзе ў школу, а настаўнікі – калі вучань ідзе дадому, каб з радасцю ў школу і з радасцю дадому, – гаворыць Вольга Анатольеўна. – Хочацца, каб дзеці былі дапытлівымі, разумнымі, актыўнымі, а настаўнікі атрымлівалі задавальненне ад работы з імі. Каб у сем’ях ладзілася, каб былі здаровымі родныя і блізкія, каб атрымлівалі асалоду і былі шчаслівымі ад таго, што жывём на гэтай зямлі і такую прафесію маем.


s-k.by

Ірына МІРГАРАДАВА.

Выгодные предложения:

Грузоперевозки по городу и области
от 10 руб.
Ремонт телевизоров и ЖКИ-мониторов
от 10 руб.
ОАО «Слуцкий Агросервис» на постоянную работу требуется:
Не забудь поделиться этой информацией со своими знакомыми и друзьями.

Выгодные предложения:

Продажа дома в аг. Лядно Слуцкого района
4-комнатная квартира с земельным участком в г. Слуцке
Купить 1-комнатную квартиру, г. Слуцк, ул. Комсомольская
Продажа 2-комнатной квартиры, г. Солигорск, ул. Октябрьская, 6

Комментарии

Оставить комментарий