Што новага ў Слуцкай цэнтральнай раённай бальніцы? Інтэрв’ю з галоўным урачом

Слуцкая цэнтральная раённая бальніца ў мінулым годзе папоўнілася інавацыйным абсталяваннем і тэхнікай, укаранёны новыя тэхналогіі лячэння, сучасная сістэма абслугоўвання пацыентаў «электронны рэцэпт»

Пра гэта, планы работы калектыву бальніцы на 2017 год карэспандэнту «Слуцкага краю» падчас інтэрв’ю расказаў галоўны ўрач установы аховы здароўя «Слуцкая цэнтральная раённая бальніца» Уладзімір Паўлавіч НАЎРАСЬ.

– Уладзімір Паўлавіч, за папярэднія некалькі гадоў адчувальна ўмацавана матэрыяльна-тэхнічная база Слуцкай ЦРБ, не стаў выключэннем і 2016 год…

– Нагадаю, што летась у нашай бальніцы ўстаноўлены новы сучасны камп’ютарны тамограф, пастаўлены па лініі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. На рэканструкцыю і прыстасаванне памяшкання пад гэта абсталяванне выкарыстана каля мільярда недэмінаваных рублёў сродкаў раённага бюджэту і пазабюджэтных сродкаў бальніцы. За асігнаванні раённага бюджэту ў мінулым годзе для рэанімацыйнага аддзялення набылі новыя апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх, лапараскапічны комплекс для гінекалагічнага аддзялення, электронна-аптычны пераўтваральнік для траўматалагічнага аддзялення, іншае абсталяванне, за пазабюджэтныя сродкі бальніцы – рэнтгенадыягнастычны панарамны апарат для стаматалагічнай паліклінікі. Напрыканцы мінулага года машынны парк станцыі хуткай дапамогі дапоўнілі чатыры сучасныя аснашчаныя аўтамабілі. Яны набыты за сродкі абласнога і раённага бюджэтаў.

Відавочна, абнаўленне медыцынскага, у тым ліку дыягнастычнага, абсталявання – неабходнасць, абумоўленая патрабаваннем часу. Удасканальваюцца методыкі дыягностыкі, лячэння захворванняў, медыцына інтэнсіўна развіваецца. Укараненне медыцынскіх інавацый – залог павышэння якасці, эфектыўнасці лячэння, узроўню аказання медыцынскіх паслуг. У Слуцкай ЦРБ у гэтым плане праводзіцца планамерная сістэмная работа. Вялікую падтрымку ў гэтай справе аказвае Слуцкі райвыканкам. Дарэчы, у 2017  годзе за сродкі раённага бюджэту плануем набыць лапараскапічны комплекс для хірургічнага аддзялення, яшчэ адзін аўтамабіль  хуткай дапамогі, у бальніцы ўстановім новы рэнтгеналагічны апарат. У студзені гэтага года дзякуючы спонсарскай дапамозе адкрытага акцыянернага таварыства «Слуцкі цукроварафінадны камбінат» набылі эндаскапічны апарат для ўралагічнага аддзялення.

– Прыемна адзначыць, што паступова мяняецца выгляд памяшканняў Слуцкай бальніцы.

– Так, паэтапна праводзім рамонт аддзяленняў, іншых памяшканняў установы. Летась завяршылі рамонт неўралагічнага, кардыялагічнага, уралагічнага аддзяленняў, уладкаваны санвузлы ў радзільным аддзяленні, рэканструяваны пад’езд да яго. Распачаты рамонтныя работы ў пульманалагічным, хірургічным аддзяленнях, памяшканнях дэзінфекцыйнага блока, судова-медыцынскай экспертызы. На гэты год запланаваны таксама рамонты ў дзіцячым аддзяленні і дзіцячай паліклініцы. Хачу падкрэсліць, што рамонт робім у асноўным гаспадарчым спосабам, у мінулым годзе на гэтыя работы выдаткавана каля чатырох мільярдаў недэмінаваных рублёў сродкаў раённага бюджэту і пазабюджэтных сродкаў бальніцы.

– З 30 снежня мінулага года ў Слуцкай ЦРБ укаранёна, можна сказаць, ноу-хау – сістэма «электронны рэцэпт». У чым яе перавагі?

– Большая зручнасць: і для пацыента, і для ўрача, скарачэнне папяровага абароту, якасны ўлік медыцынскіх прэпаратаў, а галоўнае – магчымасць для медыкаў больш дасканала сачыць за лячэннем пацыентаў. Сістэма «электронны рэцэпт» простая ў карыстанні. У рэгістратуры паліклінікі па абслугоўванні дарослага насельніцтва Слуцкай цэнтральнай райбальніцы па прад’яўленні пашпарту наведвальнікі могуць набыць адпаведныя электронныя карткі. Падчас візіту да ўрача ў іх заносяцца рэцэпты медпрэпаратаў, прызначаных пацыенту. Для набыцця «выпісаных» лякарстваў у аптэках дзяржаўнай  сеткі на тэрыторыі Случчыны чалавек прад’яўляе не папяровы рэцэпт, а электронную картку. Гэта сістэма каля года прымяняецца ў медустановах горада Мінска, добра сябе зарэкамендавала. Ёсць ужо першыя карыстальнікі і на Случчыне – больш за 20 жыхароў раёна набылі карткі «электроннага рэцэпту». Такая методыка, на маю думку, адзін з этапаў пераходу ў перспектыве да сістэмы электронных амбулаторных карт пацыентаў.

– Уладзімір Паўлавіч, на жаль, па-ранейшаму актуальнай для Случчыны застаецца праблема недахопу ўрачэбных кадраў…

– Нягледзячы на паступовае ўкамплектаванне Слуцкай бальніцы выпускнікамі вышэйшых навучальных медустаноў краіны, праблема пакуль не вырашана. Калі сярэднім медперсаналам бальніца забяспечана на сто працэнтаў, то ўрачамі – толькі на 68,4 працэнта. Найперш не хапае ўчастковых тэрапеўтаў, акушэраў-гінеколагаў, некаторых урачоў вузкай спецыялізацыі. Некалькі нашых маладых урачоў з кагорты ўчастковых тэрапеўтаў, гінеколагаў знаходзяцца ў водпуску па доглядзе за дзіцем.

Працуем над вырашэннем кадравай праблемы, найпершая задача – укамплектаванне штатаў участковых тэрапеўтаў. З мэтай змяншэння нагрузкі на ўчастковых тэрапеўтаў плануем перагрупіраванне тэрыторый участкаў, якія яны абслугоўваюць. Сёлета калектыў слуцкіх урачоў таксама папоўніцца, у тым ліку на Случчыну прыедуць тры ўрачы-гінеколагі. Пашыраюцца рады памочнікаў урачоў – цяпер у Слуцкай ЦРБ іх 16.

Зразумела, не ўсё ідэальна ў нашай рабоце. Іншы раз жадае быць лепшым узровень аказання медыцынскіх паслуг, з-за вялікай нагрузкі ўрачы не  заўсёды могуць удзяліць пацыентам больш увагі. Аднак, нягледзячы на аб’ектыўныя складанасці, калектыў нашай бальніцы ў цэлым спраўляецца з пастаўленымі задачамі. Адзін з паказчыкаў таго – у параўнанні з 2015 годам летась знізіўся ўзровень смяротнасці жыхароў Случчыны (у 2015 годзе  – 1 366 чалавек, у 2016-м – 1 268), у тым ліку працаздольнага ўзросту (у 2015 годзе – 247 чалавек, у 2016-м – 228). Тэндэнцыя зніжэння ўзроўню смяротнасці случчан стабільна захоўваецца з 2010 года.

– Відавочна, ёсць у тым заслуга слуцкіх медыкаў, новых методык дыягностыкі і лячэння…

– Не кожная медустанова можа пахваліцца такімі высокакваліфікаванымі кадрамі, як, напрыклад, загадчык хірургічнага аддзялення Слуцкай цэнтральнай райбальніцы Дзмітрый Вячаслававіч Царыкаў. Радуюць поспехі маладых хірургаў Сяргея Мікалаевіча Місоўскага,  Юрыя Леанідавіча Міхайлоўскага, Дзмітрыя Юр’евіча Жакенава. Слуцкія хірургі выконваюць досыць складаныя аперацыі, скажам, як дрэніраванне кіст падстраўнікавай залозы з пластыкай пратокаў. Такія аперацыі робяць нават не ў кожнай бальніцы ў сталіцы. Нашы хірургі аператыўна правялі найскладанейшую аперацыю з выкарыстаннем методыкі сасудзістага шва юнаму пацыенту, які трапіў у ЦРБ па прычыне нажавога ранення,  тым самым выратаваўшы юнака ад смерці. І гэта далёка не адзінкавы такі факт. Шырока практыкуецца правядзенне аперацый лапараскапічным спосабам.

Лапараскапічны комплекс

Новыя аўтамабілі хуткай медыцынскай дапамогі

І ў іншых падраздзяленнях бальніцы працуюць высокапрафесійныя, адданыя сваёй справе спецыялісты. Бясспрэчна, таленавіты дыягност, урач, загадчык гінекалагічнага аддзялення Юзэф Мікалаевіч Жыбко. Ён таксама выконвае складаныя аперацыі, якія вяртаюць здароўе, паўнацэннае жыццё. Шмат добрых водгукаў ад случчан аб рабоце маладога ўчастковага тэрапеўта Мікалая Уладзіміравіча Лашкевіча.

У ліку новых тэхналогій Слуцкай ЦРБ – ужо ў гэтым годзе ў стаматалагічнай паліклініцы плануем укараніць методыку імплантацыі зубоў, спецыяліст бальніцы прайшоў адпаведнае навучанне, будзем пашыраць паслугі касметалагічнага кабінета, у прыватнасці па прымяненні радыёліфтынгу.

Слуцкая ЦРБ рэгулярна праводзіць прафілактычныя медагляды работнікаў прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый Случчыны, вакцынацыю супраць вірусных захворванняў, прадпрымае іншыя меры прафілактыкі захворванняў. Аднак,  каб пазбегнуць хвароб, пазбавіцца ад іх, адных намаганняў медыкаў недастаткова. Карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуцца да случчан больш актыўна прызвычайвацца да здаровага ладу жыцця,  рэгулярна праходзіць медагляды, берагчы і клапаціцца пра сваё здароўе. Ніколі не забывайце, што здароўе – самая галоўная каштоўнасць…


Наталля СЕЛЯЗНЁВА.

Оцените статью
Слуцк 24
Добавить комментарий