Аллелюя! Хрыстос Уваскрос!
«Cмерць, дзе твая перамога?
Смерць, дзе тваё джала?»
Джала смерці – грэх, а сіла граху – Закон.
Богу ж падзяка, бо Ён даў нам
перамогу праз нашага Пана Езуса Хрыста».
1Кар 15, 55-57.
Свята Уваскрасення Езуса Хрыста альбо Вялікдзень – гэта вялікі дзень перамогі жыцця над смерцю, любові над нянавісцю, ласкі над грахом, святла над цемрай!
Бог з любові да нас стаўся Чалавекам, сышоў на зямлю, каб служыць і аддаць за нас сваё жыццё. Езус Хрыстус прыняў смерць на крыжы, каб збавіць нас ад граху і адчыніць нам брамы Неба. Збаўленне прыйшло праз крыж – вялікая гэта таямніца. Езус перамяніў ганебнае дрэва крыжа
ў благаслаўлённае дрэва – дрэва, дзякуючы якому мы атрымалі дар вечнага жыцця. Гісторыя нашага збаўлення не заканчваецца смерцю Езуса Хрыста на крыжы. Бо Хрытос Уваскрос! Езус жывы! Ён перамог смерць! Наша хрысціянская вера грунтуецца на таямніцы ўваскрасення Хрыста. Калі б Езус не ўваскрос, дарэмная была б наша вера. Праз уваскрасенне з мёртвых Езуса Хрыста адраджаецца наша надзея на вечнае жыццё і ўмацоўваецца вера ва ўсемагутнасць Збаўцы свету.
Дарагія жыхары нашага горада і раёна, няхай Уваскрослы Хрыстос перамяняе Вашыя штодзённыя крыжы ў благаславенства, няхай Яго ласка падтрымлівае Вас у цяжкасцях і выпрабаваннях, няхай Яго любоў і міласэрнасць кожны дзень перамагае ў Вашых сэрцах! Ад усяго сэрца жадаем супакою і радасці, моцнай веры, надзеі і любові!
З найлепшымі пажаданнямі
парафіяне, а. Алексій Рамановіч і а. Стэфан Пупейка.
Комментарии