Кучук: Смецце ў Слуцку можа прыносіць сур’ёзны даход

Кожны год у Слуцку з’яўляюцца 42 тысячы тонн смецця, яно можа даваць сур’ёзны даход, калі навучыцца ім карыстацца. У гэтым упэўнены дырэктар мінскай смеццесартыровачнай станцыі «Заходняя», першы намеснік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук, які прыехаў на сустрэчу з актывістамі ініцыятывы «Чысты Слуцк».

Крыніца даходу, зарытая ў зямлю

Па падліках Кучука, пераапрацоўка смецця дае ў сярэднім 17% даходу. Менавіта таму эксперт упэўнены, што гэта можа сур’ёзнай крыніцай даходу для горада ці прадпрымальніка, які возьмецца за справу.

Праўда, праблемай для магчымага інвестара можа стаць не толькі недахоп грошаў, але і недахоп смецця. «Справа ў тым, што для эфектыўнай працы завода ў год трэба ля 100 тысяч тон адыходаў. Але тут патрэбны кантроль за смеццем, атрыманне гарантыяў, што камунальнікі аддадуць яго бізнесоўцам. А яны ў гэтым не вельмі зацікаўленыя: гэта рэнтабельны бізнес, за вываз смецця мы ўсе плацім ЖКГ», — дадаў Дзмітрый Кучук.

Выйсце ён бачыць у законе пра дзяржаўна-прыватнае партнёрства, які дае надзею, што «дзяржава пасунецца ў гэтай галіне».

«Інвестары прыходзяць у галіну. Мы таксама падавалі бізнес-план. У Мінска на двухміліённы горад на сёння ёсць толькі 5 сартыровачных лініяў», — патлумачыў палітык.

Паленне грошаў

Спальванне смецця, у сваю чаргу Кучук лічыць шкодным. «Пра з’яўленне смеццеспальваючага завода думаюць мінскія ўлады. Мы як «зялёныя» будзем пратэставаць. Справа ў тым, што пры спальванні выкіды шкодных рэчываў могуць трапіць у атмасферу і асядаюць на горад», — патлумачыў палітык.

«Фактычна прапаноўваюць спальваць грошы, — дадаў ён, — хаця мы краіна і так небагатая».

Здзіўляюць бізнесоўцу і кошты, якія выстаўляе дзяржава за завод па пераапрацоўцы смецця: у дзяржавы — 20 млн долараў, у прыватнага інвестара — 12 млн долараў, з планамі акупіцца праз 10-13 год. А завод, дзе смецце давядзецца паліць, каштуе і таго даражэй — 200 млн. рублёў.

Смеццеправоды трэба заварваць

Асноўнай прычынай для заварвання смеццеправодаў у шматкватэрных дамах з’яўлецца неабходнасць сартыраваць смецце, лічыць Кучук.

«Сартыроўка адыходаў — гэта абавязак людзей», — нагадаў прадстаўнік партыі «Зялёных».

Пры гэтым спробы мадэрнізаваць смеццеправоды ён лічыць утапічнай.

Таксі для смецця

Дзмітрый Кучук распавёў актывістам і пра свой новы праект «Таксі для смецця».

«Сёння ўсё сыходзіць у Інтэрнэт. Таму мы зрабілі мабільную прыладу, праз якую вы можаце замовіць перавозку для свайго смецця – пластыка, шкла, бытавой тэхнікі і інш. — пакідаеце яго ля кватэры. Потым прыязжае машына, забірае адыходы і плоціць невялікія грошы», — распавёў пра механізм працы «таксі» Кучук.

Па ягоных словах, зараз праект у стане наладкі, але ў бліжэйшы час будзе развівацца. Бізнесоўца падкрэсліў, што ў дадзеным выпадку «не вы плаціце за смецце, а вам плацяць».

Прадстаўнік «зялёных» распавёў актывістам «Чыстага Слуцку» пра сваю партыю і адказаў на шматлікія пытанні актывістаў.

 

Оцените статью
Слуцк 24
Добавить комментарий