Хрызантэмы, ружы, лаванда. Адкуль з’яўляецца цуд на нашых вуліцах

На гарадскіх клумбах высаджаны ружы розных сартоў, сёлета з’явяцца рознакаляровыя герані, у ліку навінак для слуцкіх клумбаў – лаванда, дзіхондра, колеус, вярбена і іншыя расліны

Аранжарэя вытворчасці па добраўпарадкаванні Слуцкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі нагадвае маленькі батанічны сад – разнастайныя кветкі, расліны, проста вачэй не адвесці.

«Большасць кветак у хуткім часе «пераселім» на гарадскія клумбы, – усміхаецца архітэктар ландшафту Слуцкай ЖКГ Марыя Аляксандраўна Субота. – На клумбах Слуцка ў гэтым годзе ўжо высаджана з парнікоў ЖКГ кветкавай расады больш за 30 відаў, у тым ліку агератум мексіканскі, ільвіны зеў, цынерарыі двух відаў, аксаміткі некалькіх відаў, бягонія, каны, кохіі».

Працаўніцы Слуцкай ЖКГ С.А. Прахарэня, Т.М. Каржэвіч, І.А. Панцюк, М.А. Субота

Марыя Аляксандраўна і начальнік участка аранжарэйна-парніковай гаспадаркі і зялёнага будаўніцтва Слуцкай ЖКГ Ірына Аляксандраўна Панцюк расказалі, што на гарадскіх клумбах таксама высаджаны ружы розных сартоў, сёлета там з’явяцца рознакаляровыя герані, у ліку навінак для слуцкіх клумбаў – лаванда, дзіхондра, колеус, вярбена, іншыя расліны.

– Элементы навізны будуць унесены ў афармленне гарадскіх клумбаў на цэнтральнай плошчы, – расказвае Марыя Аляксандраўна Субота. – Іх аздобяць ружы, ядловец. Працягваем развіваць вертыкальнае азеляненне, у тым ліку ў гэтым годзе падвясныя чашы кветкавых кампазіцый у горадзе будуць напоўнены прыгожымі раслінамі – сурфініямі пяці колераў. Сёлета  вырашчаную кветкавую расаду выкарыстоўваем не толькі для ўпрыгажэння горада, актыўна прадаём насельніцтву, асаблівым попытам карыстаюцца пятунія, вярбена, бягонія, герань.

Як падзяліліся мае суразмоўцы, значная частка кветкавай расады для слуцкіх клумбаў вырашчана з насення амерыканскіх, нямецкіх вытворцаў, якое спецыяльна закуплялі, некаторыя кветкі гадавалі з сабранага насення.Дарэчы, гадуюць, песцяць усю гэту «кветкавую армію» для горада  ў дзвюх аранжарэях і пяці цяпліцах Слуцкай ЖКГ дзве нястомныя працаўніцы, адметныя кветкаводы Святлана Анатольеўна Прахарэня і Таццяна Міхайлаўна Каржэвіч. Як расказалі жанчыны, у адной з цяпліц чаранкуюць хрызантэмы, плануецца, што ў перспектыве, акрамя астраў, і гэтыя кветкі папоўняць клумбы Слуцка.

Відавочна, кожная кветачка на клумбе патрабуе свайго падыходу, клопату, пяшчоты рук і сэрца. З любоўю, адказна ставяцца да сваёй работы спецыялісты, работнікі «зялёнай гаспадаркі» Слуцкай ЖКГ, радуюць случчан і гасцей Слуцка кветкавымі кампазіцыямі, клумбамі. Гавораць, і пры абмежаванасці сродкаў можна зрабіць наш горад прыгажэйшым. Вось толькі не ўсе шануюць гэту прыгажосць. Не так даўно з гарадской клумбы хтосьці вырваў калівы купчастых півонепадобных цюльпанаў, якія ў гэтым годзе падчас майскіх святаў так аздобілі наш горад, а яшчэ з клумбы ў Слуцку хтосьці выкапаў кусты руж. Калі ласка, беражыце прыгажосць…


Слуцкі край

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.

Оцените статью
Слуцк: новости, афиша, объявления, справочник организаций и погода
Добавить комментарий
 
×

🚀 Присоединяйтесь в Telegram!

Будьте в курсе всех новостей города!

Подписаться