Першынство праходзіла з 20 па 22 студзеня ў вёсцы Жорнаўка Бярэзінскага раёна. Раней дзве каманды Слуцкага раёна занялі II і III месцы ў спаборніцтвах па зімовым арыентаванні на кубак Мінскай вобласці. Цяпер удзельнічала адна Слуцкая каманда з 12 чалавек. Першынство было асабіста-камандным.
Па выніках першага дня спаборніцтваў, калі ўдзельнікі праходзілі маркіраваную дыстанцыю (адна з самых складаных, на карце неабходна адзначаць кантрольныя пункты), случчане былі ў камандным заліку першымі. Адзначыліся і ў асабістым заліку ў сваіх узроставых групах: Карына Шпакоўская, Карына Краўчанка і Алеся Дзічкоўская занялі першыя месцы, Аляксандр Фурык – другое, Ілья Новак – трэцяе.
У другі дзень пасля сярэдняй дыстанцыі (трэба было знайсці кантрольныя пункты) случчане саступілі першую прыступку п’едэстала камандзе з Бярэзінскага раёна. Лепшымі ў асабістым заліку былі Карына Шпакоўская (І месца), Карына Краўчанка, Алеся Дзічкоўская і Ягор Дарашэвіч (ІІ месцы), Ілья Новак (ІІІ месца). У агульнакамандным заліку па выніках двух этапаў каманда Слуцкага раёна стала другой у вобласці. Лепшыя прадстаўнікі случчан маюць вялікія шанцы трапіць у зборную каманду Мінскай вобласці на рэспубліканскія спаборніцтвы.
Кацярына Аляксандраўна Краўчанка, педагог дадатковай адукацыі Слуцкага цэнтра турызму, трэнер каманды, рассказала, што нашы школьнікі без памылак адзначылі кантрольныя пункты на карце ў першы дзень спаборніцтваў. А вось на лыжах рухаліся крыху горш. Але ж да рэспубліканскіх спаборніцтваў падрыхтавацца ёсць час, тым больш што Слуцкі цэнтр турызму набыў новую экіпіроўку для заняткаў лыжным спортам. Поспехаў!
Ірына ВЕЧАР.



























