Суаўтарам і сябрам. Ігар Ціткоўскі прэзентуе сваю кнігу «Слуцк. Гісторыя горада ў помніках архітэктуры» рэдакцыі раённай газеты «Слуцкі край». Фота: Алесь Дастанка
«Слуцк. Гісторыя горада ў помніках архітэктуры». Яе аўтарам з’яўляецца краязнаўца Ігар Ціткоўскі, выкладчык мясцовай дзіцячай мастацкай школы.
Кніга з’яўляецца падсумаваннем амаль што 20-гадовай краязнаўчай і вынаходніцкай працы аўтара. Прэзентацыя прайшла ў рамках мерапрыемстваў бібліятэкі, прысвечаных 900-годдзю Слуцка, і сабрала каля 70 чалавек.
Падчас сустрэчы канстатаваўся той факт, што ў горадзе захавалася вельмі мала помнікаў архітэктуры. Ігар Ціткоўскі ўспомніў дыялог з жыхаром Слуцка, які сказаў, што калі чалавек хоча паглядзець помнікі архітэктуры, то можа з’ездзіць у Маскву. Такі падыход да гістарычнай спадчыны Ігар Ціткоўскі лічыць некарэктным. «Трэба пазбаўляцца ад комплексу правінцыялізму. Чаму трэба ездзіць кудысьці? Хай не шмат, але ў нас засталіся свае помнікі. Іх можна і трэба захаваць. Ёсць гарады, якія захоўваюць літаральна руіны. Але іх захоўваюць, таму што гэта мае культурную і гістарычную каштоўнасць, якая не менш важная, чым фінансавая», — сказаў краязнаўца.
Падчас свайго выступлення ён падкрэсліў, што кніга з’явілася дзякуючы дапамозе многіх людзей. Асабліва ён адзначыў ролю газеты «Кур’ер», дзякуючы праекту якой кніга ўбачыла свет.

Ігар Ціткоўскі змог яшчэ раз асабіста падзякаваць нашаму земляку Уладзіміру Давідовічу, кіраўніку мінскай кампаніі «Твая сталіца», за спонсарскую падтрымку.
Некалькі кніг ён падарыў Слуцкаму краязнаўчаму музею, галерэі мастацтваў імя Садзіна, раённай бібліятэцы, а таксама рэдакцыям газет «Слуцкі край» і «Капітал».
Даведка
Ігар Ціткоўскі, краязнаўца, выкладчык Слуцкай дзіцячай мастацкай школы, член рэдкалегіі газеты «Кур’ер».
Кніга «Слуцк. Гісторыя горада ў помніках архітэктуры» — гэта:
- звесткі пра 54 аб’екты, што былі раней і існуюць зараз;
- 254 ілюстрацыі: здымкі, планы, малюнкі;
- 56 артыкулаў аб архітэктуры і гісторыі Слуцка.


