УРАЧЫСТАСЦЬ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОЙЦЫ

Кніга Другазаконня 4, 32-34;

Пасланне Св. Паўла да Рымлянаў 8, 14-17;

 

Евангелле паводле Святога Мацвея

28, 16-20

Адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды загадаў ім Езус. І калі Яго ўбачылі, пакланіліся Яму, але некаторыя засумняваліся. Тады Езус наблізіўся да іх і сказаў ім: «Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі. Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку».

 

            Ці можам хоць крыху наблізіцца і зразумець глыбокую таямніцу, якой з’яўляецца Найсвяцейшая Тройца? Адзін Бог у трох Асобах!?

Адзінства Бога вельмі выразна праяўляецца ў навучанні Езуса Хрыста. Так і ў сённяшнім Слове Божым бачым, як Езус пакідае місійны наказ сваім вучням: “Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. … І вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку”. Іншым месцам у Святым Пісанні, якое выразна падкрэслівае Адзінства Бога, – гэта  Хрост Езуса Хрыста ў Ярдане (Мц 3, 13-17).

Ужо ў cтаражытнасці мудрацы шукалі вобраз, праз які можна было б зразумець Бога. Адзін з мудрацоў параўноўваў Бога Святога ў Тройцы да сонца.  Бо так як сонца мае ў сабе сонечнія праменні і цяпло, так і Бог, Найсвяцейшая Тройца: Бог Айцец – гэта сонца, Сын Божы – гэта сонечныя промені, а Дух Святы – гэта цяпло.

Сонца, якое ўсе мы бачым на небе, не існуе само для сябе. Яно ўзыходзіць, каб асвятляць зямлю, саграваць цяплом і даваць жыццё. Яно існуе для другіх, для кожнага з нас. Цяжка зразумець праўду веры пра Святую Тройцу. Таму гэтае параўнанне да сонца, здаецца, з’яўляецца адпаведным. Бо як сонца – гэта крыніца фізычнага жыцця, так і Найсвяцейшая Тройца – крыніца Божага жыцця. Так, як сонца дае энэргію і сілу, так Бог дае унутранную духоўную моц і сілу чалавеку.

Бог стварыў гэты свет, таму немагчыма не заўважыць у стварэнні таксама Стварыцеля. Святы Францішак з Асізі, выхваляючы кожнае Божае стварэнне, маліўся наступным чынам:

“Будзь пахвалёны, мой Пане,

з кожным Тваім стварэннем

асабліва з братам сонцам,

дзякуючы якому прыходзіць дзень і нас праз яго асвятляеш.

І яно прыгожае і яснее вялікім бляскам:

Тваім, Найвышэйшы, яно з’яўляецца праяўленнем”.

 

Такім чынам, як верныя дзеці і стварэнні Бога, будзем праслаўляць Найсвяцейшую Тройцу, асабліва, калі робім знак крыжа: у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

 

З францішканскім пажаданнем

Супакою і Дабра

 Айцец Стэфан Пупейка

Не забудь поделиться этой информацией со своими знакомыми и друзьями.

Комментарии

Оставить комментарий

 
#Радио1958#Солигорск