НЯДЗЕЛЯ СПАСЛАННЯ ДУХА СВЯТОГА

Дзеі Апосталаў 2, 1-11;

Першае пасланне Св. Паўла да Карынцянаў 12, 3b-7. 12-13;

 

Евангелле паводле святога Яна

20, 19-23

“Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя з-за страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: «Спакой вам!» І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: «Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас». І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і сказаў: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца».

 

            “Прыміце Духа Святога” , – звяртаецца да нас сёння Езус Хрыстус. Наш Збавіцель узышоў на неба, вярнуўся да свайго Айца, каб спаслаць нам Духа Святога. Таму хочам сёння праслаўляць Бога ў Асобе Духа Святога. Такім чынам прагнем дзякаваць Духу Святому за Яго дзеянне ў Касцёле, у сакрамэнтах, у жыцці кожнага з нас, за ўзмацненне нашай веры і надзеі, за ўсе дары і плёны. Менавіта такога Духа, Божага Духа, мы павінны жадаць у нашым жыцці.

Варта запытацца ў саміх сябе: чым для мяне з’яўляецца ўрачыстасць Спаслання Духа Святога? Што прыносіць Святы Дух у маю штодзённасць, як мне дапамагае і чым  мяне узбагачае? А перш за ўсё, задаць сабе пытанне, ці я прашу аб прысутнасці Духа Святога ў маім жыцці?

У Святым Пісанні Трэцяя Асоба Бога – Дух Святы – называецца па-рознаму. Можам узгадаць, як наш Збавіцель, Езус Хрыстус, называў Яго Духам Праўды, Суцяшальнікам, Духам Пана, Духам, які навучае.

Катэхэзіс Каталіцкага Касцёла вылучае сем дароў Духа Святога: мудрасць, розум, рада, мужнасць, умеласць, пабожнасць і боязь Божая.

Дух Святы прысутнічае ў нашым штодзённым жыцці. Кожны раз, калі мы робім знак крыжа, кажам: “У Імя Айца і Сына, і Духа Святога”. Кожны раз, калі мы хрысцім дзяцей, праслаўляем Святую Троіцу, Айца, Сына і Духа Святога.

Варта памятаць, што Дух Святы не знішчае, не бурыць, не забівае, не раздзяляе, але наадварот, Ён будуе, узмацняе, прыносіць жыццё і еднасць. Як жа сёння мы павінны моцна прасіць у малітве аб Духу Святым! Прасіць, каб Дух Святы сышоў і аднавіў аблічча нашай зямлі, нашыя сэрцы, нашыя сем’і і валадарыў у нашай краіне і ўва ўсім свеце.

 

З францішканскім пажаданнем

Супакою і Дабра

 Айцец Стэфан Пупейка

Не забудь поделиться этой информацией со своими знакомыми и друзьями.

Комментарии

Оставить комментарий

 
#Радио1958#Солигорск