Планіроўка Слуцка ў XV – ХIХ стст.

Слуцку вельмі пашанцавала ў параўнанні з многімі іншымі паселішчамі Беларусі, бо ў архівасховішчах розных краін захавалася значная колькасць планаў горада сярэдзіны XVII – пачатку ХХ ст. Гэта стварае прынцыповую магчымасць для якаснага і глыбокага вывучэння планіроўкі горада. Сама па сабе сетка вуліц не нясе мастацкай каштоўнасці, як, напрыклад пабудовы ці архітэктурныя ансамблі, аднак яна ўяўляе сабой надзвычай цікавую і важную крыніцу, якая адлюстроўвае матэрыяльную сутнасць старажытнага паселішча і, як матрыца, змяшчае на сабе адбіткі многіх эпох і сляды дзейнасці і працы многіх людзей. Таму вывучэнне планіроўкі з”яўляецца важным крокам на шляху да паглыблення і пашырэння нашых ведаў аб гісторыі горада.

Першае паселішча людзей на тэрыторыі Слуцка, паводле даных археалогіі, з”явілася ў сярэдзіне I тыс. да н. э. Яно ўзнікла на мысе пры ўпадзенні рэчкі Бычок у Случ [1]. У далейшым на месцы дагістарычнага паселішча паўстаў летапісны Слуцк, узнікненне і ўздым якога прыпадае на XI–XII стст. На старонках летапісаў горад упершыню згадваецца пад 1116 г. [2] У гэты час паселішча займала адносна невялікую тэрыторыю і складалася з умацаванага града, на якім пазней паўстаў Верхні замак, і невялікага пасада, ці вакольнага горада ў яго падножжы. У далейшым на гэтай тэрыторыі быў узведзены Ніжні замак.

Уяўленне аб паступовым росце Слуцка, асваенні і засяленні розных яго частак дае гісторыя храмаў горада. Найбольш старажытным храмам горада з”яўлялася царква Успення Прасвятой Багародзіцы на дзядзінцы Верхняга замка. Яе заснаванне адбылося, верагодна, у ХІ – пачатку ХІІ ст., гэта значыць, неўзабаве пасля ўзвядзення ў Слуцку ўмацаванага града, які стаў цэнтрам хрысціянізацыі навакольных зямель. У далейшым Успенская царква стала саборнай. На паўночны ўсход ад града ў міжрэччы Случы і Бычка пачаў фарміравацца гандлёва-рамесны пасад, дзе, верагодна, ужо ў ХІІ ст. былі збудаваны царква Святой Варвары і царква Уваскрэсення Хрыстова. Пасля ўзвядзення Ніжняга замка згаданыя цэрквы апынуліся на яго тэрыторыі [3]. Па ўсёй верагоднасці, на гэтай тэрыторыі знаходзіўся і першы слуцкі рынак, на што ўказваюць архаічныя элементы планіроўкі горада. Для іх выяўлення найбольшую карысць маюць планы першай паловы XVIII ст., на якіх вельмі дакладна паказана планіроўка горада [4]. У прыватнасці, у кірунку Ніжняга замка вяла старажытная Звяроўская (пазней – Яўрэйская) вуліца. Гэта значыць у яе завяршэнні меўся мост праз Бычок, яшчэ да ўзвядзення тут Ніжняга замка ў пачатку XVI ст. Верагодна, на яго тэрыторыю першапачаткова вёў таксама і мост з Зарэчча.

Уключэнне Случчыны ў склад Вялікага Княства Літоўскага ў XIV ст. адкрыла новую старонку ў гісторыі Слуцка, які быў перададзены ва ўласнасць магутнаму княжацкаму роду Алелькавічаў. У 1439 г. у горадзе быў закладзены касцёл [5], якому быў нададзены пляц побач з Ніжнім замкам. Гэта, на нашу думку, з”яўляецца сведчаннем таго, што на той час функцыі рынка пераняла плошча перад брамай Ніжняга замка, якая стала галоўным транспартным вузлом гандлёва-рамеснага пасада Слуцка. У далейшым гэтая тэрыторыя атрымала назву Падзамча. Як бачна на планах першай паловы XVIII ст., ад яго ў паўночна-ўсходнім накірунку веерам разыходзіліся вуліцы Кручковая, Крапівенская (пазней Востраўская), Брышчыха і Усцінаўская. Гэтыя вуліцы трэба лічыць аднымі з найбольш старажытных у Слуцку. Ужо ў XV ст. гэты пасад мог мець абарончыя ўмацаванні. Аб гэтым сведчаць асаблівасці вулічнай сеткі горада. На планах добра праглядаюцца вуліцы, якія праходзяць па радыяльнай траекторыі ад Бычка да Случы. Найбольш верагоднай прычынай фарміравання гэтых вуліц была менавіта наяўнасць на іх месцы ў папярэднія часы ліній умацаванняў.

У пачатку XVI ст. з-за нападаў крымскіх татараў рост Слуцка часова перапыніўся. Упершыню крымчакі напалі на горад у 1503 г. Як можна меркаваць з летапіснай згадкі, звязанай з гэтай падзеяй, у гэты час на другім баку Случы ўжо існавала прадмесце Зарэчча [6]. Такім чынам, яно сфарміравалася не пазней за другую палову XV ст. Гэтую тэрыторыю людзі пачалі засяляць ўздоўж ракі, у выніку чаго ўзнікла вуліца, якую ў далейшым пачалі называць Зарэцкай (пазней Сенатарская). Яна пераходзіла ў дарогу ў кірунку вёскі Ячава на ўсход. На захад ад Зарэчча ўздоўж берага Случы знаходзіліся землі Іллінскага манастыра, таму гэтая мясцовасць атрымала назву Іллічы. З правабярэжнай часткай горада Зарэчча было звязана мостам, які, па ўсёй верагоднасці, першапачаткова вёў на тэрыторыю, дзе ў далейшым паўстаў Ніжні замак, а пазней быў пераарыентаваны на рынак на Падзамчы. Пасля будаўніцтва ў другой палове XVI ст. новага моста і грэблі ніжэй па цячэнні ракі стары мост страціў сваё значэнне. Цэнтральным аб”ектам Зарэчча была царква Святога Юрыя, якая стаяла непадалёк ад моста, што вёў на Падзамча [7].

План Слуцка. Я. Фюрстэнхоф, перш. пал. XVIII ст.Верагодна, не пазней XV ст. пачаў засяляцца разлеглы раён на захад ад Бычка. У прыватнасці, вядома, што ў гэты час там існаваў манастыр Святога прарока Іллі [8]. Як можна меркаваць па характары вулічнай сеткі, найбольш старажытнымі вуліцамі гэтай часткі горада былі Іллінская (пазней Віленская), Звяроўская (пазней Яўрэйская) і Мыльніцкая. Яны ўзніклі на аснове дарог, якія вялі да Слуцка з паўночна-заходняга і паўднёва-заходняга бакоў. Усе вуліцы сыходзіліся каля паўночнага ўскрайку замкавага комплексу, дзе існаваў мост праз Бычок. Першапачаткова мост знаходзіўся, верагодна, па трасе вуліцы Звяроўскай і вёў на тэрыторыю Ніжняга замка. У XVI ст. ён быў перанесены крыху вышэй па рацэ і злучыў правы бераг Бычка з Падзамчам.

У пачатку XVI ст. Слуцк перажыў серыю нападаў татараў, аднак намаганнямі княгіні Анастасіі Іванаўны (? – пасля 1524) горад здолелі абараніць, а ў далейшым ён атрымаў моцны імпульс для развіцця. У летапісным паведамленні дзейнасць княгіні характарызуецца наступным чынам: «И зараз княгыня град около града заложыла и низина ровнятыся и подвыжшатыся почела. И в котором часе великое мноство людзи славных, годных, рожных, верных и жычливых миран намножылосе на мешкане и тыснутыся почали взглядом покою од непрыятеля наступившых. Тая ж княгиня церков соборную Пресвятое Богородыцы на высоком городе названым Дытынец зачавшы и скончыла року 1509» [9]. З гэтай крыніцы вынікае, што да пачатку XVI ст. цэнтрам абароны горада быў толькі Верхні замак, ці Высокі горад, які мог вытрымаць аблогу моцнага непрыяцеля. Заслугай Анастасіі Іванаўны стала будаўніцтва Ніжняга замка, ці магутных абарончых умацаванняў вакол старажытнага гандлёва-рамеснага пасада. Павелічэнне плошчы слуцкай цытадэлі давала магчымасць большай колькасці мяшчан схавацца ў ёй у выпадку нападу ворага. Гэта стала істотным стымулам для павелічэння колькасці жыхароў горада.

У першай палове XVI ст., гэта значыць, пры княгіні Анастасіі ці яе сыне Юрыі (1492–1542) вакол гандлёва-рамеснага пасада ў міжрэччы Бычка і Случы быў ўзведзены земляны вал з драўляным парканам наверсе. Выйсці з умацаванага горада можна было ў трох напрамках: праз Крапівенскую браму, за якой на ўсходзе пачыналася неўмацаванае прадмесце Востраў, праз мост цераз Бычок, які выводзіў на Мыльніцкую вуліцу, і праз мост цераз Случ, які звязваў Падзамча з Зарэччам. Будаўніцтва ўмацаванняў прывяло да ўзрастання шчыльнасці засялення гэтай часткі горада. Гэты вал праіснаваў да пачатку XVII ст., калі пачалося ўзвядзення новай лініі умацаванняў. З інвентарных апісанняў Слуцка 1621 і 1642 гг. вядома, што па трасе старога вала былі пракладзены новыя вуліцы, якія ў далейшым атрымалі назвы Кажамяцкая, Падвальная і Зімная [10].

Акрамя будаўніцтва ўмацаванняў пры Юрыі І на левым беразе Случы за Зарэччам была закладзена новая слабада, якую пазней сталі называць Новым местам. У заснаванні слабады ўдзельнічаў прадстаўнік вялікага князя, гаспадарскі дваранін Фёдар Сапега, які ў тым ліку вымяраў землі для царквы Святога Іаана Хрысціцеля. У далейшым яна лічылася галоўным храмам новазакладзенага прадмесця, таму яе наўпрост называлі слабадской царквой [11].

Пасля смерці Юрыя І горад быў падзелены паміж яго сынамі Юрыем ІІ (каля 1531–1578) і Сямёнам (? – 1560). Канчатковы падзел спадчыны адбыўся ў 1557 г. У выніку Юрый ІІ атрымаў Верхні замак, Сямён – Ніжні, а ўвесь астатні горад быў падзелены пароўну. Парцэляцыя горада і пэўная варожасць, якая існавала паміж братамі, мала спрыялі развіццю Слуцка. Але пасля смерці Сямёна ў 1560 г. увесь горад перайшоў у рукі старэйшага брата і становішча змянілася [12]. Юрый ІІ валодаў Слуцкам да 1578 г. і за няпоўныя два дзесяцігоддзі паспеў зрабіць вельмі шмат для яго развіцця. Пра маштабныя змены, якія адбываліся ў гэты час у Слуцку, можна меркаваць на падставе аналізу планаў горада, а таксама звестак з пісьмовых крыніц.

Новы гандлёвы цэнтр Слуцка пры Юрыі ІІ быў сфарміраваны ў прадмесці за Бычком, планіроўка якога была мадэрнізавана. У яго цэнтры непадалёк ад замкаў быў закладзены вялікі прамавугольны рынак. За яго аснову ўзялі трасу старой Іллінскай вуліцы. Дзякуючы гэтаму з рынку меўся выхад на старую дарогу, якая вяла ў паўднёва-заходнім напрамку, а таксама да моста праз Бычок. Апрача таго, у паўночна-заходнім накірунку была пракладзена новая шырокая вуліца, якая была названа Капыльскай. На поўдзень ад рыначнай плошчы адыходзіла кароткая вуліца ў бок моста і грэблі праз Случ, які злучаў новы гандлёвы цэнтр горада з Новым местам. Узвядзенне грэблі прывяло да пад”ёму вады ў Случы, і вышэй па цячэнні ракі ўтварыўся разлеглы стаў, які палепшыў абараназдольнасць старой часткі горада. Акрамя таго, на грэблі быў узведзены вадзяны млын, што спрыяла эканамічнаму развіццю Слуцка. Тады ж усё прадмесце на правым беразе Бычка было абнесена драўляным парканам [13].

Стары рынак на Падзамчы паступова губляў сваё значэнне як гандлёвая плошча і, верагодна, пры Юрыі ІІ на яго тэрыторыю былі перанесены Уваскрэсенская і Варварынская цэрквы. Апошнія раней знаходзіліся на тэрыторыі Ніжняга замка, які быў уключаны ў склад рэзідэнцыянальнага комплексу і прыстасаваны для размяшчэння вялікага княжацкага двара. Таму для зручнасці ўласніка і прыхаджан цэрквы былі перанесены на тэрыторыю старога рынку.

На паўднёвы захад ад Старога места знаходзілася прадмесце Трайчаны. Сваю назву яно атрымала ад манастыра Святой Тройцы. Святыня мела важнае значэнне для Слуцка і з”яўлялася адным з буйнейшых духоўных цэнтраў на беларускіх землях ажно да пачатку XIX ст. У XVI – першай палове XVII ст. на землях манастыра ўзнікла гандлёва-рамеснае паселішча, якое называлі Трайчанамі ці Траецкім мястэчкам. Фактычна яно з”яўлялася прадмесцем Слуцка, але юрыдычна было самастойным паселішчам і не належала да горада.

Пры Юрыі ІІ была рэфармавана планіроўка колішняй слабады на левым беразе Случы. З гэтага часу яна стала называцца Новым местам. Паняцце «места» ўжывалася для абазначэння асобнага гандлёва-рамеснага паселішча, што адпавядае гораду ў сучасным разуменні. Цэнтрам Новага места стаў новазакладзены рынак правільнай канфігурацыі. Ад яго ў паўночным кірунку адыходзіла вуліца Вялікая (пазней Навамеская), якая вяла ў Старое места.

Значныя змены зазнала прадмесце Востраў, якое сфарміравалася на ўсход ад старога горада за рэчкай Крапіўнай. Двор пад назвай Востраў упершыню згадваецца ў крыніцах сярэдзіны XV ст. [14] Аднак аднайменнае прадмесце, верагодна, вырасла са старога горада. Гэта бачна пры супастаўленні вулічнай сеткі старажытнай часткі Слуцка ў межах Случы і Бычка і планіроўкі Востраўскага прадмесця. Асобным жыццём прадмесце пачало жыць у першай палове XVI ст. пасля ўзвядзення ўмацаванняў вакол гандлёва-рамеснага пасада Слуцка. Тым не менш яшчэ ў першай палове XVII ст. галоўная вуліца старажытнай часткі горада, якая вяла да Крапівенскай брамы, і вуліца Востраўскага прадмесця, якая пачыналася ад гэтай брамы, насілі адну назву – Крапівенская. Верагодна, і галоўная востраўская вуліца Вялікая ў свой час пачыналася ад Падзамча і была галоўнай вуліцай усяго Слуцка. У трэцяй чвэрці XVI ст. па ініцыятыве Юрыя ІІ прадмесце было рэфармавана. Востраў атрымаў статус асобнага гандлёва-рамеснага паселішча і быў юрыдычна адасоблены ад Старога места. У цэнтры прадмесця быў закладзены вялікі рынак, а яго планіроўка набыла рэгулярны характар. Гэта стымулявала развіццё Вострава. У сярэдзіне XVII ст. у прадмесці было тры царквы, а па колькасці жыхароў ён быў роўны Новаму месту.

Тапанімія і вуліцы Слуцка ў пачатку XVIII ст.Намаганні Юрыя ІІ па маштабнай перапланіроўцы Слуцка вынікалі з агульных тэндэнцый у развіцці ВКЛ. Справа ў тым, што ў сярэдзіне XVI ст. па ініцыятыве цэнтральнай улады ў краіне пачала праводзіцца маштабная рэформа па ўнармаванні землекарыстання, вядомая пад назвай «валочная памера». У межах яе праводзіліся рэарганізацыя і ўпарадкаванне забудовы гарадоў і мястэчак. Гэтыя мерапрыемствы праводзіліся шмат у чым сіламі іншаземцаў, якія мелі адпаведную кваліфікацыю. А паколькі двор Юрыя ІІ складаўся ў значнай ступені з выхадцаў з Польшчы, князь меў дастатковую колькасць кваліфікаваных спецыялістаў [15]. Сярод яго службоўцаў былі, напрыклад, Ян Каменскі, які ў 1570 г. на загад князя перамяраў землі Іванаўскай царквы ў Новым месце, а таксама Андрэй Бжазоўскі, які ў 1577 г. вымяраў землі Іллінскага манастыра [16]. З часу Юрыя ІІ у Слуцку з”явілася пасада мерніка, які непасрэдна займаўся вымярэннем і разбіўкай зямельных участкаў у горадзе і па ўсім княстве. Вядома, напрыклад, што ў 1582 г. мернікам у Слуцку служыў немец Гарман Дан, а ў 1619 г. – Іван Германавіч, які, верагодна, быў сынам першага [17].

Незадоўга да смерці, у 1578 г. Юрый ІІ распарадзіўся падзяліць горад паміж сваімі трыма сынамі. Юрыю ІІІ (1559–1586) адышло так званае Старое места, якое ўключала стары горад у міжрэччы Бычка і Случы і разлеглае прадмесце на правым беразе Бычка з новым рынкам. Старэйшы сын таксама стаў уласнікам Верхняга і Ніжняга замкаў. Ян Сімяон (1560–1592) атрымаў Новае места з Новым дваром, які, верагодна, размяшчаўся на тым месцы, дзе ў сярэдзіне XVII ст. была ўзведзена бастыённая цытадэль. А малодшаму Аляксандру (1562–1591) адышоў Востраў, ці Новы Востраў, як прадмесце названа ў тастаменце, з Новавостраўскім дваром. Верагодна, Юрый ІІ адмыслова рэфармаваў Новае места і Востраў, каб надаць іх малодшым сынам і не дзяліць ядро горада, як гэта было раней. Пры гэтым князь лічыў, што Ян Сімяон і Аляксандр маглі закласці ў прадмесцях замкі-рэзідэнцыі для сябе [18].

Сыны Юрыя ІІ пражылі нядоўга і пасля смерці ў 1592 г. апошняга, Яна Сімяона, дынастыя слуцкіх князёў перарвалася. Якім пакінулі Слуцк Алелькавічы бачна з нататак маскоўскага падарожніка Трыфана Карабейнікава, які наведаў горад у 1593 г. Іншаземец адзначаў: «Городок Слутъцкъ невеликъ, поменши Коломны, древяной, а около городка острогъ на городовое дело, а в остроге торги да дворъ панской, да жилецкихъ дворов двести; а посадом болши Ростова, да подъ городомъ две реки, Веся да Случь, сошлись повыше города с московскую сторону с версту и пошли подъ городомъ, величиною с Москву реку, да пруды. А Менска Слутцкий градъ торгами лутше и людми, а у гра(да) в воротехъ и у острогу стоятъ воротники и стрельцы с ружьемъ, а в острогъ иноземца, не сказавъ, не пустятъ» [19]. «Гарадком» падарожнік назваў Верхні замак, «панскім дваром» – Ніжні, а «астрогам» – умацаваны пасад паміж рэчкамі Бычок і Случ, у якім на той час яшчэ функцыянаваў рынак на Падзамчы, а «пасадам» – прадмесці.

Пасля смерці апошняга з Алелькавічаў адзінай спадчынніцай усёй маёмасці роду разам са Слуцкам стала няпоўнагадовая дачка Юрыя ІІІ, Соф”я (1586–1612). У 1600 г. яна выйшла замуж за Януша Радзівіла (1579–1620), для якога Слуцк стаў важнейшай рэзідэнцыяй. Таму магнат прыкладаў вялікія намаганні для далейшага развіцця горада. Асаблівая ўвага надавалася будаўніцтву абарончых умацаванняў, паколькі небяспека з боку казакоў надалей заставалася актуальнай. У прыватнасці, у 1616 і 1618 гг. казацкія атрады падыходзілі да Слуцка [20]. Пры Янушы Радзівілу Старое места было акружана новым земляным валам, у якім былі вымураваны тры брамы: Крапівенская (пазней Востроўская), Капыльская і Іллінская (пазней Віленская) [21].

Пасля смерці Януша Радзівіла Слуцк перайшоў у спадчыну да яго сына ад другога шлюбу Багуслава (1620–1669). У час яго панавання горад перажыў серыю войнаў і быў пераўтвораны ў наймагутнейшую фартэцыю Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Аднак яшчэ да пачатку актыўнай дзейнасці Багуслава Радзівіла быў створаны першы вядомы план Слуцка. Ім з”яўляўся чарнавы чарцёж польнага гетмана Януша Радзівіла (1612–1655), які даводзіўся стрыечным братам Багуславу [22]. На падставе гэтага плана добра бачна, што ўяўляў сабой Слуцк у сярэдзіне XVII ст. У цэнтры горада знаходзіўся комплекс Верхняга і Ніжняга замкаў. Старое места было акружана земляным валам з вялікімі бастыёнамі і мела тры мураваныя брамы. Умацаванні Новага места на левым беразе Случы былі больш сціплыя. Яно было акружана простым парканам і мела дзве драўляныя брамы: Навамескую і Ячаўскую.

Накірунак далейшага развіцця Слуцка прадвызначыла вайна Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай, якая пачалася ў 1654 г. і доўжылася да 1667 г. У 1655 г. горад вытрымаў дзве кароткачасовыя аблогі шматлікага маскоўска-казацкага войска. Але ў выніку баявых дзеянняў былі цалкам знішчаны неўмацаваныя прадмесці Востраў і Трайчаны. Адразу пасля адыходу непрыяцеля пачалося інтэнсіўнае абарончае будаўніцтва ў Новым месце, якое да 1660 г. набыло пояс магутных земляных умацаванняў з бастыённай цытадэллю. Пасля завяршэння вала ў Новым месце ўзвядзенне пояса ўмацаванняў вакол усяго горада было скончана. Вайна фактычна прымусіла Слуцк сціснуцца і замкнуцца ў кальцы абарончых умацаванняў. Жыхароў з неўмацаваных прадмесцяў перасялілі ў фартэцыю, а ўздоўж валоў была створана так званая эспланада, ці тэрыторыя, свабодная ад забудовы. Яе шырыня паводле інструкцый Багуслава Радзівіла павінна была складаць 2 стрэлы з гарматы ці мушкета, што прыкладна раўнялася 450 м [23].

Разам з жыхарамі ў горад з прадмесцяў былі пераведзены і прыходскія цэрквы. У 1660 г. на загад Багуслава Радзівіла прыхаджанам трох востраўскіх цэркваў у гонар Нараджэння Хрыстова, Арханёла Міхаіла і Святых Кузьмы і Дзям”яна быў выдзелены вялікі пляц на вуліцы Востраўскай для пабудовы храмаў, якія стаялі на Востраве і былі знішчаны разам з прадмесцем [24]. Згаданая вуліца была галоўнай магістраллю старажытнай часткі Слуцка ў міжрэччы Бычка і Случы і выводзіла да аднайменнай брамы, за якой пачыналася прадмесце. Гэта прадвызначыла выбар месца для адбудовы цэркваў. Падобным чынам на пляц каля Іванаўскай царквы прыкладна ў гэты час перанеслі некаторыя навамескія храмы, а менавіта цэрквы ў гонар Узвіжання Святога Крыжа і Святога Сімяона.

Вельмі істотна вайна 1654–1667 гг. паўплывала на развіццё Новага места. У першай палове XVII ст. прадмесце было разлеглым, аднак шчыльнасць яго засялення ў параўнанні са Старым местам была невысокай. У пачатку згаданай вайны было прынята рашэнне абвесці Новае места лініяй бастыённых фартыфікацый. У выніку яго плошча зменшылася, а перасяленне жыхароў за абарончыя ўмацаванні прывяло да ўзрастання шчыльнасці засялення. Акрамя таго, падчас будаўніцтва фартыфікацый быў знішчаны навамескі рынак, а ўся гандлёвая дзейнасць была перанесена на рынак Старога места. Разам з тым, узвядзенне бастыённай цытадэлі прывяло да павелічэння ваеннага значэння гэтай часткі горада. Умацаванне было закладзена Багуславам Радзівілам у красавіку 1655 г., а недзе ў другой палове 1660-х гг. асноўныя працы па яго ўзвядзенні былі скончаны. Вакол цытадэлі была створана эспланада, а найбліжэйшая забудова размяшчалася ў 180 м ад умацавання. У абароне цытадэлі важную ролю павінна была адыгрываць сістэма вадзяных перашкод, якая, акрамя вадзяных равоў, уключала ставы на Случы і балота на паўднёвы ўсход ад горада. З паўночнага боку ад яе, на Случы была насыпана грэбля, якая выходзіла з вала Старога места і ішла ў накірунку цытадэлі. Будаўніцтва грэблі давала магчымасць штучна павысіць узровень вады ў Случы, напоўніць вадой равы горада і ўласна цытадэлі, а таксама затапіць значныя землі на паўднёвы ўсход ад горада. Шырокае балота, добра бачнае на планах першай паловы XVIII ст., гарантавала надзейную абарону гораду і асабліва цытадэлі з гэтага боку [25].

План Слуцка з адлюстраваннем праекта перапланіроўкі спаленай часткі горада. 1811 г.З другой паловы XVII ст. паступова мяняецца структура засялення Новага места. Узрастае колькасць шляхецкіх землеўладанняў, асабліва на Зарэцкай вуліцы, якая ў сувязі з гэтым была переназвана ў Сенатарскую. Пасля ўзвядзення цытадэлі выезд у бок Ячава быў закрыты і вуліца згубіла значэнне транспартнай артэрыі. Пры гэтым яна была выпрамлена і значна пашырана, што было абгрунтавана ваеннай неабходнасцю, бо побач знаходзілася цытадэль. Своеасаблівасць гэтай вуліцы добра бачна пры параўнанні яе з другой важнай вуліцай Новага места – Навамескай, якая вяла на выезд з горада і была ў другой палове XVII–XVIII ст. забудавана шынкамі для праезджых.

У другой палове XVII ст. прадмесце Востраў пачало паступова адбудоўвацца, аб чым выразна сведчаць намаганні яго жыхароў аб адбудове храма на самім прадмесці. У 1688 г. слуцкія святары і востраўскія мяшчане звярнуліся да тагачаснай уласніцы горада Людвікі Караліны Радзівіл з просьбай аб пабудове ў прадмесці невялікай царквы. Уласнікі горада і адміністрацыя адмоўна ўспрымалі ідэю адбудовы востраўскіх храмаў, паколькі яны маглі перашкаджаць абароне фартэцыі і ў выпадку небяспекі іх давялося б знішчыць. Таму жыхарам прадмесця прапаноўвалася выкарыстоўваць храмы, перанесеныя ў горад. Аднак апошнім такі варыянт прыносіў шмат нязручнасцей, таму яны дамагаліся асобнай царквы [26]. Урэшце ў 1703 г. быў атрыманы дазвол на будаўніцтва, і неўзабаве ў Востраве ўзвялі царкву ў імя Святых Канстанціна і Алены. Па ўсёй верагоднасці, яе збудавалі на пляцы, дзе да вайны стаяла Міхайлаўская царква.

Новы этап у жыцці Слуцка пачаўся з пераходам яго ва ўласнасць нясвіжскай галіны роду Радзівілаў. У 1744 г. горад разам з княствам быў канчаткова выкуплены ў былых уласнікаў і перайшоў у валоданне Гераніма Фларыяна Радзівіла (1715–1760) [27]. Вядомы сваім крутым норавам магнат надаваў шмат увагі Слуцку, які для яго з”яўляўся адной з важнейшых рэзідэнцый. Таму ў гэты час быў адноўлены і разбудаваны Стары замак, які выкарыстоўваўся для пражывання ўласніка. У тым ліку ў ім быў размешчаны прафесійны тэатр, заснаваны Геранімам Фларыянам. У гэты час на базе слуцкай латыфундыі было створана шматлікае прыватнаўласніцкае войска, што прывяло да значнай мілітарызацыі сталіцы княства. Пры Гераніме Фларыяне ў Новым месце былі ўзведзены казармы для грандмушкецёраў, янычараў і гусараў. Большасць з іх размяшчалася на Сенатарскай вуліцы, якая стала галоўным месцам для ваенных практыкаванняў і муштры. Казармы разам з комплексамі кальвіністаў і езуітаў утваралі на аснове Сенатарскай вуліцы значны архітэктурны ансамбль. Разам з тым, трэба адзначыць некаторае зніжэнне ваеннага значэння цытадэлі, якая стала выкарыстоўвацца у якасці рэзідэнцыі і месца для адпачынку магната.

Пры Каралі Станіславе Радзівіле (1734–1790), які атрымаў Слуцк у 1762 г., архітэктурны воблік горада і яго планіроўка зазналі пэўныя змены. Найбольш увагі сваім маёнткам і рэзідэнцыям, у тым ліку Слуцку, магнат пачаў надаваць пасля вяртання з эміграцыі ў 1777 г. Першай рэзідэнцыяй К.С. Радзівіла стаў палац, узведзены на Сенатарскай вуліцы неўзабаве пасля вяртання з эміграцыі [28]. Неўзабаве перад цытадэллю на выкупленых у розных уласнікаў участках заклалі разлеглы сад, які служыў для адпачынку магната. Вядома, што ў канцы жыцця К.С. Радзівіла пачалася маштабная рэканструкцыя Старога і Новага замкаў, аднак, працы з-за смерці гаспадара так і не былі даведзены да канца [29]. Як сведчыць план Верхняга замка, выкананы ў гэты час, на яго тэрыторыі меркавалася збудаваць мураваны палац. Аднак гэтыя планы не былі рэалізаваны. На тэрыторыі горада побач са Старым замкам быў закладзены новы сад, які добра бачны на планах канца XVIII ст. Аднак ён быў незавершаны і праіснаваў нядоўга. Пасля смерці магната рэзідэнцыя на Старым замку заняла, а тэрыторыя сада была вернута гораду.

10 чэрвеня 1792 г. Слуцк быў заняты расійскімі войскамі, а ў наступным годзе ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай быў фармальна ўключаны ў склад Расійскай імперыі. Пасля ўключэння зямель Беларусі расійскі ўрад распачаў праводзіць мэтанакіраваную палітыку па мадэрнізацыі планіроўкі беларускіх гарадоў. Для кожнага паселішча распрацоўваліся рэгулярныя планы забудовы, у межах якіх вызначаліся месцы для размяшчэння адміністрацыйных і культавых будынкаў. Імкненне да ўдасканалення планіроўкі гарадоў тлумачылася як ідэйнымі меркаваннямі, так і практычнымі патрэбамі. Многія гарады развіваліся стыхійна і таму мелі нерэгулярную складаную планіроўку і высокую шчыльнасць забудовы. Гэта прыводзіла, па-першае, да высокай забруджанасці і антысанітарыі і, па-другое, да частых пажараў, якія ахоплівалі значныя часткі паселішчаў. Асаблівая ўвага пры распрацоўцы і рэалізацыі праграм па перабудове гарадоў надавалася губернскім і павятовым цэнтрам, у ліку якіх быў Слуцк. Аднак ён знаходзіўся ў прыватнай уласнасці і рэфармаванне паселішча залежала ад волі ўласнікаў, якія не надавалі гэтаму пытанню належнай увагі. Ужо ў 1793 г. было ўзнята пытанне аб выкупе горада ўрадам, аднак зрабіць гэта ўдалося толькі ў 1846 г. [30]

Яшчэ да выкупу горада расійскім уладам удалося ўнесці пэўныя карэктывы ў яго развіццё. На поўнач ад Трайчанаў, уздоўж дарогі, якая ішла звонку гарадскіх умацаванняў ад Віленскай да Капыльскай брамы ў канцы XVIII ст. пачалося ўзвядзенне будынкаў, прызначаныя для новай адміністрацыі. У 1800 г. скончылася будаўніцтва мураваных двухпавярховых казармаў для вайскоўцаў на поўнач ад Трайчанаў. Але вайскоўцы карысталіся гэтым будынкам нядоўга, і ў хуткім часе ён быў перароблены для размяшчэння т. зв. «прысутных месцаў», ці органаў гарадской адміністрацыі [31]. Неўзабаве пасля завяршэння будаўніцтва мураваных казармаў у абарончым вале быў зроблены праезд, праз які можна было патрапіць на Прозараўскую і Гузейную вуліцы. Апошняя ў далейшым была перайменавана ў Судовую. Побач з будынкам прысутных месцаў слуцкі гараднічы барон Фердынанд Шталь узвёў сядзібу з садам для сябе [32].

У канцы ХVIII ст. былі вынесены могілкі ўсіх хрысціянскіх канфесій за горад. Месца для новых могілак было выбрана на поўнач ад горада ўздоўж дарогі, якая вяла ў бок Грэска. Кожнай з чатырох канфесій быў выдзелены свой участак: першымі з боку горада знаходзіліся праваслаўныя могілкі, за імі ішлі каталіцкія, кальвінісцкія і лютэранскія [33].

9 чэрвеня 1811 г. Слуцк ахапіў вялікі пажар, у выніку якога была знішчана паўночная частка горада разам з саборнай Мікольскай царквой. Гэта дало магчымасць часткова рэалізаваць планы па ўдасканаленні планіроўкі горада. Былі распрацаваны два праекты: паводле аднаго меркавалася правесці перапланіроўку спаленай часткі, а паводле другога перапланаваць увесь Стары горад у межах абарончага вала. У далейшым быў рэалізаваны першы прасцейшы варыянт. Пасля пажару саборную царкву было вырашана вярнуць на дзядзінец Верхняга замка, на тэрыторыі якога быў узведзены драўляны, а пазней мураваны храм. Ён стаў адной з найбольш значных пабудоў у горадзе, таму для лепшай камунікацыі з цэнтрам горада з тэрыторыі былога замка быў перакінуты мост праз Бычок.

Пасля пажару 1811 г. прапаноўвалася пашырыць рыначную плошчу і надаць ёй геаметрычна правільны абрыс. Аднак гэты праект быў рэалізаваны толькі часткова: змянілі паўночны і заходні бакі рыначнай плошчы, якія ў час пажару цалкам згарэлі. Меркавалася, што ў далейшым будуць выпраўлены і астатнія бакі, аднак пракладка Маскоўска-Варшаўскай шашы праз Слуцк у сярэдзіне 1840-х гг. зрабіла гэтае пытанне неактуальным. Шасэйная вуліца, якая прайшла праз цэнтр горада, пераняла многія функцыі рынку. На яе пачалі пераносіць многія крамы і магазіны, таму вага старой рыначнай плошчы зменшылася. У другой палове ХIX ст. на разлеглым пляцы скасаванай лютэранскай кірхі быў закладзены другі рынак для гандлю жывёлай і дровамі. Абодва рынкі былі размешчаны побач і звязваліся кароткай вуліцай, якая ў ранейшыя часы насіла назву Саскай.

Значны ўплыў на развіццё Слуцка аказала пракладка Маскоўска-Варшаўскай шашы, якая мела стратэгічнае значэнне. Праект распрацоўваўся ў 1830-я гг., а ў сярэдзіне 1840-х яго рэалізавалі. У 1846 г. у Слуцку ўзвялі паштовую станцыю, якая была прывязана да новай шашы [34]. Дарога была праведзена праз цэнтр горада і дала штуршок для яго далейшага развіцця. Шаша, якая ў межах горада атрымала назву Шасэйнай вуліцы, сфарміравала своеасаблівую вось, уздоўж якой пачаў развівацца Слуцк.

Генеральны план Слуцка. Г. Парсадонаў, 1948 г.У сувязі з правядзеннем шашы паўстала ідэя грандыёзнай перапланіроўкі Слуцка. Паводле яго прапаноўваліся два варыянты перабудовы паселішча на падставе строгай геаметрычнай сеткі кварталаў [35]. Аднак урэшце ніводзін з прапанаваных варыянтаў не быў рэалізаваны. У далейшым, у другой палове ХІХ ст., быў падрыхтаваны праект узбуйнення кварталаў у паўночнай найбольш шчыльна заселенай частцы горада. Аднак і ён не быў рэалізаваны. Іншых дзеянняў па мадэрнізацыі вулічнай сеткі Слуцка не рабілася. Дзякуючы гэтаму горад захаваў многія архаічныя элементы ў сваёй планіроўцы.

Прычынай нерэалізацыі маштабных праектаў у горадабудаўнічай сферы было запаволенае эканамічнае развіццё Слуцка ў ХІХ ст. Стымулам для развіцця горада стала правядзенне праз яго Маскоўска-Варшаўскай шашы. Аднак са з”яўленнем чыгункі значэнне сухапутных шляхоў для эканомікі значна знізілася. У выніку інтэнсіўнага развіцця чыгуначнага транспарту ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. многія беларускія гарады атрымалі значны стымул для росту і развіцця. Аднак Слуцк чыгуначныя шляхі абмінулі. Толькі ў 1915 г. да горада з усходняга боку была падведзена чыгуначная каляіна [36]. Таму і гандаль, і прамысловасць у Слуцку былі развіты слаба [37]. Адзіным важным фактарам, які надалей спрыяў развіццю горада, з”яўлялася тое, што ён знаходзіўся ў цэнтры вялікага сельскагаспадарчага рэгіёна.

Значныя разбурэнні гораду прынесла Другая сусветная вайна, пасля якой пачалося поўнамаштабнае будаўніцтва «сацыялістычнага» горада. У выніку многія помнікі Слуцка былі беззваротна страчаны. Тым не менш шэраг архітэктараў, якія займаліся распрацоўкай праектаў забудовы Слуцка, разумелі вялікую каштоўнасць яго планіроўкі і прапаноўвалі захаваць і развіваць яе. Адным з іх быў Георгій Парсадонаў, які свой першы праект забудовы Слуцка распрацаваў яшчэ ў 1938–1940 гг. У час вайны праект быў страчаны, таму ў 1947 г. яго давялося аднавіць, а ў 1948 г. праект Г. Парсадонава прынялі да рэалізацыі. Архітэктар вельмі ашчадна ставіўся да гістарычнай планіроўкі Слуцка і праектную забудову фактычна прывязаў да яе. На жаль, гэты праект не быў рэалізаваны цалкам [38]. У генеральным плане 1970–1971 гг. знайшла адлюстраванне ідэя стварэння на падставе пояса земляных валоў кальца зялёных насаджэнняў [39]. Рэалізацыя гэтай прапановы паспрыяла б захаванню рэшткаў фартыфікацый. Таксама існавала цікавая задума часткова аднавіць умацаванні цытадэлі ў выглядзе ландшафтнага помніка і стварыць на яе месцы парк [40]. Аднак гэтыя ідэі не былі рэалізаваны і рэшткі ўмацаванняў знішчылі ў апошняй чвэрці ХХ ст. Аднак, нягледзячы на маштабныя пераўтварэнні ў ХХ ст., Слуцку ўдалося захаваць сваю гістарычную планіровачную структуру. На цяперашні момант яна з”яўляецца адным з найбольш унікальных і каштоўных помнікаў горада, які сведчыць аб яго складанай і адметнай гісторыі.

Мікола ВОЛКАЎ
кандыдат гістарычных навук, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі

Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі «Беларусь, Слуцкі край і Эдвард Вайніловіч», Минск, 2018

1. Калядзінскі У.Л. У сутоках Случы і Бычка // Памяць: Гіст.–дакум. хроніка Слуцкага р-на і г. Слуцка. У 2 кн. Кн. 1. – Мінск, 2000. – С. 25.

2. Грицкевич А.П. Древний город на Случи: Ист. очерк. – Минск, 1985. – С. 4.

3. Archiwum Główne Akt Dawnych (далей – AGAD). Archiwum Radziwiłłów (далей – AR). – Dz. VIII. – Nr. 523. – S. 6; Nr. 527. S. 15.

4. Sächsische Landesbibliothek. Handschriftensammlung. Mscr. Dresd. R. 30. M, II; Staatsbibliothek zu Berlin – Preußischer Kulturbesitz. Kart. XS49911/10; XS49911/12.

5. Ліцкевіч А. Старабеларускія граматы XV ст. з Archiwum Głównego Akt Dawnych у Варшаве // Здабыткі: дакументальныя помнікі на Беларусі. Вып. 11. – Мінск, 2009. – C. 13–16.

6. Полное собрание русских летописей. Т. 32. Москва, 1975. С. 169.

7. AGAD. AR. Dz. VIII. Nr. 523. S. 2; Ціткоўскі І.А. Слуцк. Гісторыя горада ў помніках архітэктуры. – Мінск, 2015. – С. 59–60.

8. AGAD. AR. Dz. VIII. Nr. 536. S. 2.

9. Мицик Ю. Два білоруських літописця ХVІ–ХVІІ ст. // Загартована історією. – Київ, 2012. С. 251–256. У польскамоўнай копіі гэтага запісу, які захаваўся да нашага часу, дата ўказана памылкова – 1409 г.

10. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей – НГАБ). Ф. 146. Воп. 3. Спр. 24. Арк. 88–113, 250–316.

11. AGAD. AR. Dz. VIII. Nr. 524. S. 40–41.

12. Скеп”ян А. Князі Слуцкія. – Мінск, 2013. – С. 52–54, 62.

13. AGAD. AR. Dz. VIII. Nr. 536. S. 7–8, 46–50.

14. AGAD. AR. Dz. VIII. Nr. 536. S. 16, 18–19.

15. Скеп”ян А. Князі Слуцкія. – С. 52.

16. AGAD. AR. Dz. VIII. Nr. 524. S. 40–41; Nr. 536. S. 7–8.

17. AGAD. AR. Dz. VIII. Nr. 527. S. 27–28.

18. Скеп”ян А. Князі Слуцкія. – С. 214.

19. Второе хождение Трифона Коробейникова // Чтения в императорском обществе истории и древностей российских при Московском университете. Кн. 1. 1887. С. 7.

20. Грицкевич А.П. Древний город на Случи. С. 14.

21. AGAD. AR. Dz. ХХIII. T. 133. Pl. 1. S. 3–26, 399–405.

22. Волкаў М. Да пытання аб аўтарстве калекцыі малюнкаў сярэдзіны XVII ст. з архіва князёў Радзівілаў // Беларускі гістарычны часопіс. 2012. № 7. С. 34–38.

23. AGAD. AR. Dz. IV. K. 52. S. 46, 60; Dz. XXIII. T. 133. Pl. 1. S. 103–104, 381, 383.

24. AGAD. AR. Dz. IV. Nr. 6865/II. S. 19.

25. Волкаў М. Слуцкая цытадэль XVII–XVIII ст. // Беларускі гістарычны агляд. 2012. Т. 19, сш. 1–2. С. 31–65.

26. AGAD. AR. Dz. VIII. Nr. 522. S. 9–10.

27. Грицкевич А.П. Древний город на Случи. – С. 26.

28. НГАБ. Ф. 694. Воп. 2. Спр. 7396. Арк. 18 адв.

29. НГАБ. Ф. 694. Воп. 2. Спр. 7396. Арк. 23–29 адв.; Спр. 7491. Арк. 38–39, 52–52 адв.; AGAD. AR. Dz. V. Nr. 12181/IІ. S. 217–219.

30. Грицкевич А.П. Древний город на Случи. – С. 35

31. Lietuvos valstybės istorijos archyvas. F. 1280. Ap. 1. B. 2102. P. 21v.

32. НГАБ. Ф. 299. Воп. 7. Спр. 64. Арк. 450–451.

33. Ціткоўскі І. Гісторыя слуцкіх некропаляў // Полымя. 2009. №. 4. С. 200.

34. Бараноўскі Я.І., Ульянка Б.В. У складзе Расійскай імперыі // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Слуцкага р-на і г. Слуцка. У 2 кн. Кн. 1. – Мінск, 2000. – С. 77.

35. Instytut Sztuki Polskiej Akademii Nauk. Towarzystwo Opieki nad Zabytkami Przeszłości. Nr. 32059.

36. Ціткоўскі І.А. Слуцк. Гісторыя горада ў помніках архітэктуры. – С. 220.

37. Jelski A. Słuck // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. T. 10, 1889. S.S. 838.

38. Ціткоўскі І.А. Слуцк. Гісторыя горада ў помніках архітэктуры. – С. 244.

39. Беларускі архіў навукова–тэхнічнай дакументацыі. Ф. 7. Воп. 1. Спр. 212.

40. Кузнецов Т.Т. Типология пусковых градостроительных комплексов для малых городов Белоруссии // Строительство и архитектура Белоруссии. 1986. № 3. С. 13.1

Не забудь поделиться этой информацией со своими знакомыми и друзьями.

Комментарии

Оставить комментарий

 
#Радио1958#Солигорск