VI ВЕЛІКОДНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Дзеі Апосталаў 10, 25-26. 34-35. 44-48;

Першае пасланне св. Яна 4, 7-10;

 

Евангелле паводле святога Яна

15, 9-17

Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові.

Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові. Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай.

Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх. Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам.  Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў вас сябрамі, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам. Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё. Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.»

 

Чым з’яўляецца любоў, а чым каханне? Як праявіць шчырыя пачуцці і пазбягаць эгаістычныя схільнасці? Ці любоў праяўляецца ў тым, што я кагосьці люблю, ці, наадварот,  хтосьці мяне любіць? Што найважнейшае: тое што я атрымліваю, ці тое чым    я дзялюся? Нарэшце, ці можна жыць без любові? А калі так, то што гэта за жыццё?

Такія пытанні выклікае сёння ў нас Божае Слова ў Евангеллі паводле святога Яна.  Сутнасцю, скіраванага да нас Слова, з’яўляецца пытанне аб любові да Бога і іншага чалавека. Нам нельга раздзяляць гэтых двух кірункаў, бо ў выніку атрымаецца карыкатура любові. Няма любові да бліжняга без любові да Бога і, наадварот, няма любові да Бога без любові да чалавека. Сённяшняе Божае Слова навучае нас, што найлепшы тэст любові да Бога – гэта адчыненае сэрца на другога чалавека.

Навучанне Езуса Хрыста і яго парады – гэта не параграфы кодэксу права. Ён паказвае нам дарогу і магчымасці, каб добра яе прайсці. Езус адкрывае нам, чаго жадае ад нас Бог, а менавіта, – каб мы любілі адзін аднаго. Дзякуючы Езусу мы ведаем, чым з’яўляецца сапраўдная любоў, якая паходзіць ад Бога. Калі мы гаворым аб Божай любові, а я як хрысціянін хачу і павінен наследаваць менавіта такую любоў, то ў сваім жыцці          я павінен падыходзіць да яе з адказнасцю. Бо гэта не эмацыянальныя пачуцці, не сэксуальныя прагненні і заспакойванне іх. Гэта адданне свайго жыцця. Гэта не азначае, што нам трэба шукаць магчымасці, каб памерці за бліжняга. Не. Але аддаваць сваё жыццё ў штодзённасці: добрасумленна выконваючы свае абавязкі бацькоў, лекара, настаўніка, ратаўніка,…, духоўнага пастыра. Кожны чалавек пакліканы, каб жыць у такой любові.

Жыццё без любові немагчымае, нават калі хтосьці кажа, што не верыць у яе. Немецкі цэзар Фрыдэрык ІІ хацеў даведацца, якая была першая мова на зямлі. Таму ён пастанавіў зрабіць жудасны эксперымент. Для пяцідзесяці немаўлятаў цэзар прызначыў апякунак, якія павінны былі клапаціцца толькі аб ежы і адзежы. Апякункам нельга было размаўляць з нованароджанымі, усміхацца да іх, забаўляць і праяўляць любоў. У выніку, дзеці не навучыліся ні гаварыць, ні праяўляць свае эмоцыі і нават не дажылі да сталага ўзросту.

Чалавек без сапраўднай любові дэградуе. Таму Езус Хрыстус вельмі часта кажа нам аб любові: “Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові. Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові. …” .

 

З францішканскім пажаданнем

Супакою і Дабра

 Айцец Стэфан Пупейка

Не забудь поделиться этой информацией со своими знакомыми и друзьями.

Комментарии

Оставить комментарий

 
#Радио1958#Солигорск