III ВЕЛІКОДНАЯ НЯДЗЕЛЯ

  • Дзеі Апосталаў 3, 13-15.17-19;
  • Першы ліст св. Яна 2, 1-5;
  •  
  • Евангелле паводле святога Лукі
  • 24, 35-48

 

“Яны таксама расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламанні хлеба. Калі яны казалі пра гэта, сам Езус стаў сярод іх і сказаў ім: «Спакой вам!» Збянтэжаныя і напалоханыя яны думалі, што бачаць духа. Але Ён сказаў ім: «Чаму разгубіліся, і чаму сумненні ўзніклі ў вашых сэрцах? Паглядзіце на Мае рукі і ногі: гэта Я. Дакраніцеся да Мяне і пераканайцеся: дух не мае цела і касцей; як бачыце, Я іх маю». Пасля гэтых слоў Ён паказаў ім рукі і ногі. А калі яны ад радасці яшчэ не верылі і дзівіліся, Ён сказаў ім: «Ці маеце тут што з’есці?» Яны падалі Яму кавалак печанай рыбы. Ён узяў і еў перад імі. І сказаў ім: «Вось словы Мае, сказаныя вам, калі Я быў яшчэ з вамі, што павінна збыцца ўсё напісанае пра Мяне ў Законе Майсея і ў прарокаў, і ў псальмах». Тады адкрыў іх розум, каб яны разумелі Пісанне. І сказаў ім: «Так напісана, што Месія павінен цярпець і ўваскрэснуць на трэці дзень з мёртвых і ў Ягонае імя павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам, пачынаючы ад Ерузалема. А вы — сведкі гэтага.

 

 

Калі спытаем сябе: што з’яўляецца найбольшым дабром на зямлі, як для паасобнага чалавека так і для ўсіх людзей? Без вагання адказаліб, што ёсць ім супакой. Супакой паміж народамі і дзяржавамі, паміж суседзямі і сем’ямі, супакой у сэрцы кожнага чалавека. Такога супакою прагнем і такога жадаем. Сёння Ўваскрослы Езус стаіць сярод нас, так як стагоддзі таму перад апосталамі і кажа: “Супакой вам”.

Ці гэты супакой ёсць паміж намі, ці ёсць ён у нашых сем’ях, сэрцах. Дзе можам яго шукаць а знайшоўшы, як захаваць?

У часе вялікодным засяроджваемся над словамі з Дзеяў Апосталаў, якія ўзгадваюць пачатак Касцёла. Разам са “смерцю” Езуса не памерла Ягонае навучанне. Словы Збавіцеля дзякуючы апосталам увесь час гучаць у святынях, на вуліцах, у дамах.

Святы Пётр абвяшчае Божае Слова не як хтосьці, хто баіцца, напужаны, але як той, хто перамагае – з супакоем і адвагай. З моцаю заклікае: “пакайцеся і навярніцеся”        Кожны душпастыр ведае наколькі цяжка вымаўляюцца гэтыя словы. Бо каб каму-небудзь з моцаю сказаць: пакайся, навярніся, трэба найперш самому навярнуцца. А тым часам гэтыя словы вымаўляе Пётр, які вельмі прыніжаны пасля таго як тройчы адрокся ад свайго Настаўніка. Гэтыя словы вымаўляе Пётр, які плакаў, а пагалоска аб ягоных слязах разыйшлася па ўсім маладым Касцёле. Трэба мець вялікі досвіт, каб магчы з моцаю сказаць пакайцеся і навярніцеся. Толькі той, хто стаў святым можа з такой рашучасцю абвяшчаць сапраўднае навяртанне.

Шмат каму гэтыя словы аб пакаянні і навяртанні не падабаюцца. Мы бы хацелі чуць толькі аб тым як Бог любіць чалавека, і яму прабачае. Нам лягчэй слухаць аб грахах і правінах іншых людзей, але не аб сваіх.

Як жа бедныя тыя людзі, якія уцякаюць ад праўды. Святы Пётр кажа праўду, бо як вучань Хрыста ведае, што толькі яна вызваляе чалавека. Ён ведае, што сярод падману і цемры чалавек не здольны да дабра і жыцця ў супакоі.

Прыкладам каб засяродзіцца над гэтым ёсць тое, што калі людзі шукаюць добрага лекара, каб іх вылечыў, то не глядзяць які ён сымпатычны ці гумарны. Не шукаюць такога лекара, які ставіць заўсёды добры дыягназ і абяцае лёгкае лячэнне. Людзі не гневаюцца на лекара нават тады калі той скажа пацыенту праўду: занадта шмат вы важыце, занадта шмат вы п’яце, курыце…, і ўвогуле вядзеце дрэнны лад жыцця. Нават найбольш ганарлівыя ў такіх момантах з пакораю схіляюць галаву перад лекарам, прызнаючы, што ён праў. Чаму так робяць!? Бо хочуць жыць! І цікава тое, што не змяняюць такога шчырага і вымагаючага лекара на іншага больш сымпатычнага. Зусім наадварот, кажуць: гэта сапраўды добры лекар.

Сёння стаіць перад намі умілаваны Езус і паказвае свае раны. І гэтым хоча аздаравіць нашыя сэрцы і вочы. Хоча каб мы бачылі ўсё ў Божым святле і палюбілі нашага Збавіцеля, нашых бліжніх і саміх сябе.

 

З францішканскім пажаданнем

Супакою і Дабра

 

Айцец Стэфан Пупейка

 

Не забудь поделиться этой информацией со своими знакомыми и друзьями.

Комментарии

Оставить комментарий

 
#Радио1958#Солигорск