Пошукі працягваюцца. Аб археалагічных раскопках на Салігоршчыне

Фота 1.
У гэтым годзе археолаг Мікалай Крывальцэвіч знайшоў на раскопках у Салігорскім раёне паселішча часоў неаліту. Публікуем яго тэкст аб выніках археалагічных даследваннях на Салігоршчыне.

Людзі жылі на берагах Случы ўжо ў час неаліту

З археалагічных даследаванняў, якія ў розныя часы праводзіліся на тэрыторыі Салігорскага раёна, вынікае, что ўжо ў перыяд паміж VII – V тыс. да н.э. на берагах Случы жылі людзі.

Самыя старажытныя крамянёвыя вырабы тагачасных жыхароў краю знойдзены недалёка ад сучаснага Салігорска каля колішняга хутара Стамагілы, а таксама на беразе Случы побач з ускраінамі Старобіна. Сляды паселішчаў часоў неаліту (V – ІІІ тыс. да н.э.) і эпохі бронзы (ІІ – сярэдзіна І тыс. да н.э.) захаваліся больш чым у 20 пунктах уздоўж Случы, Морачы і іх прытокаў, а таксама каля Чырвонага возера. Самыя яскравыя і распаўсюджаныя артэфакты часоў ІІІ – І тысячагоддзяў да н.э. – каменныя свідраваныя і крамянёвыя шліфаваныя сякеры. Многія дзесяткі сякер выпадкова трапляліся ў розных мясцовасцях Салігоршчыны і цяпер захоўваюцца ў музейных зборах.

Даследчыя экспедыцыі

Самыя першыя сістэмныя археалагічныя даследаванні на землях Салігоршчыны здзейсніла ў 1929 годзе экспедыцыя Беларускай акадэміі навук пад кіраўніцтвам Аляксандра Ляўданскага і Сяргея Дубінскага. У канцы ліпеня 1929 года са Случчыны акадэмічныя археолагі накіраваліся ў ваколіцы Пагоста, праводзілі раскопкі на курганных могільніках і збіралі спадарожны археалагічны матэрыял каля Мяцявіч, хутара Стамагілы, Цясова, Зажэвіч, Мелкавіч, побач з Чырвоным возерам. На жаль захавалася толькі невялікая частка сабраных імі калекцый, якая цяпер захоўваецца ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. У гады ліхалеццяў загінула навуковая дакументацыя раскопак. У навуковы друк трапілі толькі кароткія паведамленні пра вынікі працы той экспедыцыі. Трагічным быў лёс Ляўданскага і Дубінскага, якіх сталіністы расстралялі 29 жніўня 1937 года.

Археалагічныя пошукі самых старажытных помнікаў на Салігоршчыне аднавіліся толькі ў 1960-1980-ыя гады. Зрэшты, і ў тыя часы і цяпер у межах раёна не праводзіліся буйнамасштабныя раскопкі, вывучэнне абмяжоўвалася толькі фіксацыяй асобных месцазнаходжанняў і ратаваннем археалагічных матэрыялаў на месцы будаўніцва Салігорскага вадасховішча, дарог і іншых індустрыяльных аб’ектаў.

Мае архелагічныя даследаванні на Салігоршчыне, якія пачаліся ў канцы 1980-ых гадоў, а затым працягваліся ў 2007 і ў наступныя гады, нельга назваць сістэмнымі – яны больш эпізадычныя. Іх асноўная мэта – пошук помнікаў позняга неаліту і бронзавага веку (ІІІ – сярэдзіны І тыс. да н.э.) у паўночных рэгіёнах Палесся, у тым ліку ў басейне Случы. Ёсць спадзяванне адкрыць тут паселішчы і пахаванні, матэрыялы якіх дазволяць адказаць на шматлікія пытанні, якія паўстаюць перад археолагамі. Адно з іх, чаму і як адбываліся культурныя, сацыяльныя і гаспадарчыя змены ў другой палове ІІІ – пачатку ІІ тыс. да н.э. Як сталася, што звычаі, традыцыі і лад жыцця на працягу кароткага перыяду перайначыліся і сталі другімі ў параўнанні з ранейшымі часамі?

Новая будоўля знішчыла старажытныя паселішчы

Здзейсненыя археалагічныя выведкі прынеслі некаторыя першыя вынікі, а менавіта, удалося адкрыць шэраг старажытных месцазнаходжанняў уздоўж Случы каля Салігорска, Зажэвіч, Мецявіч, Паварчыц, Старобіна і іншых населеных пунктаў. Сярод іх сляды паселішчаў неаліту і эпохі бронзы, а таксама старажытных пахаванняў. Апошнія адносяцца да сярэдзіны ІІ тыс. да н.э. і адкрыты пры выратавальных раскопках на месцы разбураных Мяцявіцкіх курганоў. На месцы славянскага курганнага могільніка ХІ – ХІІ стагоддзяў каля Мяцявіч знойдзены больш старажытныя культурныя пласты, у тым ліку з рэшткамі пахаванняў. Згаданыя пахаванні здзяйсняліся па абраду крэмацыі і змяшчалі акрамя спаленых касцёвых парэшткаў фрагменты арнаментаванага керамічнага посуду сярэдзіны ІІ тыс. да н.э.

Фота 1. Выратавальныя раскопкі ў 2008 годзе на беразе Салігорскага вадасховішча на месцы пабураных будаўніцтвам Мяцявіцкага славянскага курганнага могільніка ХІ-ХІІ ст. і культурных пластоў больш ранніх помнікаў каменнага, бронзавага і жалезнага вякоў

 

Фота 2. Археалагічнае даследаванне пахаванняў эпохі бронзы сярэдзіны ІІ тысячагоддзя да н.э. падчас выратавальных раскопак каля Мяцявіч у 2008 годзе

2

Фота 3. Фрагменты арнаментаванага керамічнага посуду эпохі бронзы сярэдзіны ІІ тысячагоддзя да н.э., знойдзеных падчас выратавальных раскопак каля Мяцявіч у 2008 годзе

3

Фота 4. Крамянёвыя наканечнікі стрэл і іншыя вырабы з крэменю неаліту і пачатку эпохі бронзы (IV – пачатак II тысячагоддзя да н.э.), знойдзеных падчас выратавальных раскопак каля Мяцявіч у 2008 годзе

4

У 2012 годзе на беразе Салігорскага вадасховішча выяўлены рэшткі неалітычнага керамічнага гаршка ІІІ тыс. да н.э. Яго можна амаль цалкам аднавіць. Ён багата арнаментаваны. Невялікія па памерах раскопы, якімі вывучалася тое месца, дазволілі адкрыць сляды культурнага пласта перыферыі паселішча часоў позняга каменнага веку. На жаль, амаль усё яно знішчана вадасховішчам.

Не пашчасціла і другому помніку – шматкультурнаму паселішчу насупраць вёскі Зажэвічы на беразе сучаснага Салігорскага вадасховішча, а некалі побач з руслам ракі Случ. Месца пачало засяляцца яшчэ у эпоху каменнага веку, а затым абжывалася людзьмі бронзавага веку, эпохі жалеза і сярэдневякоўя. Паселішча знішчылі пры будаўніцтве вадасховішча. Яго рэшткі ў апошнія гады канчаткова пабурылі пры будаўніцтве дарогі, нягледзячы на папярэджанні археолагаў і планы правядзенне на ім сістэмных выратавальных раскопак.

Фота 5. Рэшткі старажытнага керамічнага посуду на месцы разбуранага каля вёскі Зажэвічы паселішча, якое знішчана водамі Салігорскага вадасховішча і будаўніцтвам дарогі

5

Фота 6. Расчыстка фрагментаў неалітычнага гаршка ІІІ тысячагоддзя да н.э. на месцы неалітычнага паселішча, пабуранага водамі Салігорскага вадасховішча

6

Фота 7. Фрагменты  неалітычнага гаршка ІІІ тысячагоддзя да н.э., знойдзенага на месцы неалітычнага паселішча, пабуранага водамі Салігорскага вадасховішча

7

Вынікі цяперашніх раскопак

У 2017 годзе мае пошукі сканцэнтраваліся на ўзвышаных участках левабярэжжа Случы каля вёскі Мелкавічы, дзе ў выніку ранейшых археалагічных выведак адзначаліся асобныя знаходкі і сляды паселішчаў каменнага і бронзавага вякоў. Першыя звесткі пра старажытныя знаходкі каля Мелкавіч сабралі ўдзельнікі знакамітай акадэмічнай экспедыцыі 1929 года. Невялікія разведвальныя раскопкі 2017 года на залесеных пагорках побач з Мелкавічамі прынеслі аптымістычныя вынікі. У прыватнасці, у раскопах, акрамя архаічных вырабаў з крэменю і фрагментаў керамікі, знойдзены сляды гаспадарчых ям неалітычнага часу. Пачалася расчыстка аднаго з агаленняў пагорка, разбуранага пры будаўніцтве дарогі. У яго зачышчаных профілях выразна праглядаліся рэшткі яшчэ аднаго старажытнага аб’екта часоў позняга неаліту – жылога, гаспадарчага альбо нават пахавальнага. Пра перыяд выяўленага паглыблення сведчаць шматлікія фрагменты адпаведнага керамічнага посуду і крамянёвыя прылады. Далейшыя раскопкі каля Мелкавіч, якія плануецца працягваць у наступным годзе, павінны дапамагчы канчаткова вызначыць дакладны час і прызначэнне аб’екта, яго месца ў сістэме знойдзенага неалітычнага паселішча.

Фота 8. Даследаванне гаспадарчых ям у жніўні 2017 г. на месцы неалітычнага паселішча IV – IIІ тысячагоддзяў да н.э. каля вёскі Мелкавічы

8

Фота 9. Фрагменты керамічнага посуду і крамянёвых вырабаў, знойдзеных падчас археалагічных раскопак 2017 г. на месцы неалітычнага паселішча IV – IIІ тысячагоддзяў да н.э. каля вёскі Мелкавічы

9

Працягваюць прыносіць новыя адкрыцці археалагічныя разведкі каля вёскі Доўгае, што на левым беразе ракі Случ. На пабураных будаўніцтвам пагорках збіраліся ўнікальныя крамянёвыя прылады, а таксама рэшткі керамічнага посуду часоў неаліту, бронзавага веку і эпохі жалеза. Акрамя іх удалося выявіць сляды знішчанага бульдозерам славянскага жытла з раздушаным гаршком другой паловы І тыс. н.э. на пабураным каменным агнішчы.


esoligorsk.by

М.М. Крывальцэвіч – кандыдат гістарычных навук, 
вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі
Фота аўтара

Не забудь поделиться этой информацией со своими знакомыми и друзьями.

Комментарии

Оставить комментарий

 
#Радио1958#Солигорск